Еўрапарламент асудзіў улады Беларусі за гібрыдны напад на Літву
Еўрапарламент, ілюстрацыйнае фота
18 снежня дэпутаты Еўрапарламента прынялі рэзалюцыю, у якой асудзілі ўлады Беларусі за кампанію гібрыдных атак супраць Літвы і Еўрасаюза.
Еўрадэпутаты пералічылі элементы шырокай стратэгіі Расіі, накіраванай на падрыў ЕС. Гэта ўварванні дронаў і аэрастатаў у паветраную прастору Літвы, кібератакі, кампаніі дэзінфармацыі, міграцыя і эканамічны ціск.
Еўрадэпутаты выказалі поўную салідарнасць з Літвой. Яны запатрабавалі ад афіцыйнага Мінска спыніць гібрыдныя дзеянні супраць Літвы, вызваліць маёмасць затрыманых перавозчыкаў, а таксама кампенсаваць ім фінансавыя страты.
Пад крытыку еўрадэпутатаў трапілі і ЗША — за няўзгодненае рашэнне часткова зняць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі, адзначае DW.
У Еўрапарламенце чарговы раз падкрэслілі, што не прызнаюць Лукашэнку легітымным кіраўніком краіны і заклікалі ЕС увесці дадатковыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і кампаній, а таксама асоб, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці беспілотнікаў і падрыхтоўцы гібрыдных нападаў.
За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 438 дэпутатаў, 37 выступілі супраць, 48 чалавек устрымаліся.