Транзіт калійных угнаенняў у абмен на амерыканскі вайсковы кантынгент?

Калий

Калий

Зняцце ЗША санкцый з беларускага калію паставіла Літву ў цэнтр геапалітычнага гандлю. Аднаўленне транзіту праз Клайпеду можа стаць прадметам ціску з боку Вашынгтона — Вільня асцерагаецца, што стаўкі паднімуцца аж да пытання прысутнасці амерыканскіх войскаў у Літве. Тэарэтычна ўгнаенні могуць ісці і ў абыход Клайпеды, але на практыцы Вільні, магчыма, давядзецца адказваць на пытанне: што важней — забарона транзіту або адносіны з саюзнікам і гарантыі бяспекі.

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію. Пра гэта падчас візіту ў Мінск абвясціў 13 снежня спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, які сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У дзень, калі была зробленая гэта заява, з беларускіх турмаў выпусцілі 123 палітычных зняволеных, у тым ліку Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку, кіраўніка яго штаба на выбарах 2020 года Марыю Калеснікаву і іншых.

Рашэнне ЗША зняць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў выклікала хвалю дыскусій у Літве. З лютага 2022 года краіна забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў — да гэтага яны перавальваліся праз клайпедскі порт, які быў асноўным у экспарце беларускіх калійных угнаенняў. Пасля страты доступу ў порт Клайпеды Беларусь была вымушаная шукаць альтэрнатыўныя шляхі. Цяпер калійныя ўгнаенні ў асноўным ідуць праз парты Расіі, а пераход выклікаў рост коштаў і часу дастаўкі.
Што адбываецца, тлумачыць "Новая газета".


У чым выгада для ЗША

Зняцце санкцый з "Беларуськалія" дазволіць ЗША дыверсіфікаваць пастаўкі калійных угнаенняў. Цяпер каля 85% гэтай прадукцыі Амерыка імпартуе з Канады. Характэрна, што змяненне ў палітыцы ЗША адносна Беларусі адбылося неўзабаве пасля таго, як Дональд Трамп загаварыў пра жорсткія пошліны на імпарт канадскіх угнаенняў. Аднаўленне гандлю з Беларуссю можа быць выкарыстанае ЗША ў якасці рычага ў цяперашняй тарыфнай вайне паміж дзвюма краінамі.

 

"Будзе рэбус"

Міністэрства замежных спраў Літвы заяўляе, што пазіцыя Еўрасаюза па беларускіх калійных угнаеннях не змянілася, як і прычыны ўвядзення санкцый.

"ЕС не разглядае ніякіх паслабленняў у санкцыях супраць беларускага рэжыму", — адзначыў МЗС Літвы ў сваёй заяве.

Зрэшты, частка літоўскіх экспертаў лічаць, што ЗША будуць ціснуць на Літву, настойваючы на аднаўленні транзіту праз Клайпедскі порт.

Калі Літве давядзецца аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў, гаворка павінна ісці пра ўмовы, на якіх гэта будзе зроблена. Так, дэпутат Сейма Літвы Матас Малдэйкіс прапанаваў цікавую схему: калі транзіт праз Беларусь адкрываецца, у тарыфах на чыгуначныя і партовыя перавозкі можна прадугледзець кампанент бяспекі — спаганяць пэўную суму і размяркоўваць яе 50 на 50 на абарону Літвы і Украіны.

"Напрыклад, праз Літву праходзіць 11 мільёнаў тон па цане каля 10 еўра за тону. 110 мільёнаў еўра на нашу і ўкраінскую бяспеку — гэта нядрэнна. А Лукашэнка хай растлумачыць Пуціну, чаму ён падтрымлівае ўкраінскае войска", — кажа Малдэйкіс.

 

"Не ныць, а атрымаць максімальную выгаду"

Некаторыя эксперты лічаць, што ў цэлым забарона на транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву як санкцыя правалілася. Такія аргументы прыводзіць палітолаг і дэпутат Сейма Літвы Вітаўтас Сініца. На ягоную думку, санкцыі на транзіт угнаенняў ніяк не дапамаглі Украіне, а, хутчэй, нашкодзілі за кошт павелічэння даходаў Расіі.

Паводле звестак СМІ, да забароны праз Клайпеду рухалася каля 9-11 млн тон беларускага калію. Сёлета Беларусь плануе экспартаваць больш за 12 млн тон — гэта значыць, перавысіць аб'ёмы дасанкцыйнага экспарту.

"Санкцыі нанеслі шкоду Літве, але для Беларусі былі менш шкодныя, бо яна пераправіла свой экспарт па больш дарагім маршруце праз порт Усць-Луга ў Расіі. Расія выйграла — з аднаго боку, атрымала даход ад новага транзіту, з другога — для Беларусі ўсё стала даражэй. Расія абышла яе на сусветных экспартных рынках і стала найбуйнейшым экспарцёрам гэтых угнаенняў", — адзначае Сініца.

На яго думку, Літве трэба не "ныць і скардзіцца" ў кантэксце новых рашэнняў ЗША, а думаць, як атрымаць з сітуацыі максімальную выгаду.

Сініца лічыць, што, адмяніўшы забарону на транзіт калійных угнаенняў, Літва выйграе ў любым выпадку, але можа "выйграць утрая" — перавабіць транзітныя даходы ў Расіі, пакласці канец крызісу з паветранымі шарамі, якія залятаюць з Беларусі і паралізуюць працу аэрапорта Вільнюса, і запатрабаваць у ЗША дадатковых гарантый бяспекі ў абмен на аднаўленне транзіту.

"Гэта ні ў якім разе не заклік да паляпшэння стасункаў або пахвала Лукашэнку. Відавочна, што Беларусь вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы. У такой сітуацыі мае сэнс выкарыстоўваць любую магчымасць для дасягнення нашых інтарэсаў на дыпламатычным фронце", — кажа Вітаўтас Сініца.

 

Амерыканскія войскі ў абмен на транзіт праз Клайпеду?

Пакуль прадстаўнікі ЗША не звярталіся да літоўскага боку наконт магчымага аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз Клайпеду, заявіў 16 снежня дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матуленіс. Але ён дадаў, што, калі такі зварот паступіць, рашэнне можна звязаць з дадатковай прысутнасцю амерыканскіх войскаў у Літве.

Пытанне амерыканскіх войскаў у Літве застаецца вострым: Вашынгтон пераглядае прысутнасць сваіх сіл у Еўропе, і Вільня імкнецца захаваць амерыканскую вайсковую прысутнасць. Як заявіў Матуленіс, пакуль у Літвы няма ні пацверджання, ні абвяржэння скарачэння колькасці амерыканскага кантынгенту ў краіне, а Міністэрства абароны робіць усё магчымае, каб амерыканскія вайскоўцы былі дыслакаваныя ў Літве надоўга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.