Калій у абмен на палітвязняў — канспіралогія або бізнес-інтарэсы Трампа?

Дональд Трамп / PAP/EPA
Чым больш іскрыць у адносінах ЗША і Канады, тым больш прывабнымі могуць здавацца амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу паклады калійных соляў у Беларусі. Гэта — канспіралогія.
А факты такія: каля 85% усяго калію Штаты куплялі ў Канады, але цяпер Трамп абклаў пошлінамі нават ўгнаенні, якія крытычна патрэбныя амерыканскім фермерам.
“Пошліна <...> пагражаюць нанесці яшчэ адзін удар па фінансах фермерскіх сем'яў, якія і без таго пакутуюць ад інфляцыі і высокіх коштаў на ўгнаенні", — казалі ў Амерыканскім фермерскім бюро.
Мяркуючы з усяго, 10%-ыя тарыфы на калій, якія Трамп ужо ўвёў, пакуль што расці не будуць. Проста таму што альтэрнатыўных пастаўшчыкоў на рынку як быццам бы і няма. Канада — найбуйнейшы вытворца калію ў свеце, а за ёй ідуць Расія, Беларусь і Кітай.
Не купляць жа калій у іх? Альбо…
Беларусь зможа замясціць Канаду на рынку?
Калію ў Беларусі праўда шмат. Да ўвядзення санкцый у 2021 годзе наша краіна прадавала пятую частку ўсяго калію ў свеце. А на наступную раніцу пасля абвяшчэння аб санкцыях акцыі канкурэнта — канадскай Nutrien — выраслі на 2,6%.
Тады Беларуская калійная кампанія (БКК) казала, што санкцыі на калій прывядуць да сусветнага голаду, але канкурэнты зарыентаваліся хутка. Канадцы абяцалі нарасціць вытворчасць і замясціць Беларускія аб'ёмы.
Але і праз чатыры гады пасля ўвядзення санкцый Беларусь усё яшчэ нядрэнна адчувае сябе на рынку. Канадская Асацыяцыя вытворцаў угнаенняў Fertilizer Canada падзялілася з Еўрарадыё свежымі звесткамі аб аб'ёмах вытворчасці калію ў свеце. На ліпень 2025 года Беларусь вырабляла і прадавала 15% усяго сусветнага калію. Ненашмат больш — Расія, нашмат больш — толькі Канада.

Так, Канада нашмат багацейшая на калій, чым Беларусь. Яе доля на рынку сёння — 33%. І ўсё ж беларускіх аб'ёмаў можа хапіць, каб дапамагчы ЗША справіцца з праблемамі праз раптам складаныя стасункі з Канадай.
Каб рэалізаваць гэты прыемны для Аляксандра Лукашэнкі тэарэтычны сцэнар на практыцы, Беларусі давядзецца развязаць шмат праблем, кажа эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.
І першая — калі купляць калій у Канады будзе зусім ужо нявыгадна, ЗША могуць звярнуцца і да ўласных запасаў. Штаты не з'яўляюцца буйным экспарцёрам калійных угнаенняў, але ў пакладах у іх набярэцца 7 млрд тон (у год Штаты купляюць каля 20 тыс. тон калію). Большая частка ляжыць у Паўночнай Дакоце — і гэта як раз працяг канадскіх пакладаў, толькі ўжо на тэрыторыі ЗША.
— Другая праблема — тэхнічная. Вы можаце паставіць ўгнаенні ў ЗША, але трэба спачатку адладзіць інфраструктуру для таго, каб гэтыя ўгнаенні прыняць. Патрэбныя тэрміналы ў партах, дзе будуць разгружаць кантэйнеры, патрэбныя вагоны, у якіх іх будуць вазіць па чыгунцы. Я ўпэўнены, што гэтую праблему можна вырашыць, і ў ЗША для гэтага напэўна ёсць магчымасці, проста трэба больш часу.
Час — і порт Клайпеды. Але Літва спыніла пастаўку беларускага калію праз свой порт.
Вазіць па чыгунцы праз Расію — нявыгадна. А менавіта так — праз Расію — цяпер і ездзіць увесь беларускі калій. У супольнасці чыгуначнікаў Беларусі падлічвалі, наколькі нявыгадна краіне гандляваць са светам праз расійскія парты.
Вазіць калій вагонамі на прыпартовыя станцыі Расіі на 11-98% даражэй, чым вазіць яго ў порт Клайпеды. Каб у 2022 годзе перавезці калій праз парты Санкт-Пецярбурга, Беларусь за адну толькі чыгуначную перавозку пераплаціла ад 2,8 да 4,8 млн.даляраў.
Пры гэтым Расія яшчэ і галоўны канкурэнт Беларусі на гэтым рынку. Гэта значыць, яна можа дыктаваць, колькі вагонаў калія яна пагодзіцца транспартаваць па сваёй тэрыторыі.
"Менавіта Расія вызначае аб'ёмы, якія гатовая дапусціць да транспартавання па сваёй чыгунцы і праз парты. І гэтых аб'ёмаў абсалютна не хапае, каб нарошчваць вытворчасць і экспарт", — кажа ў эфіры Еўрарадыё магістарка эканомікі Аліса Рыжычэнка.

Азотныя ўгнаенні вырабляюцца літаральна з паветра, гэта значыць, завод падобны да "Гродна-Азоту" можна пабудаваць у любым пункце свету. Фосфар таксама ёсць у кожнай краіне свету, проста дзесьці фасфарыты больш канцэнтраваныя, дзесьці — менш.
А вось з каліем ўсё складаней. Калійныя ўгнаенні можна вырабіць толькі з соляў калія, паклады якіх у вялікіх аб'ёмах ёсць у вельмі нешматлікіх краінах свету. А ў Беларусі — ёсць.
— Калій забяспечвае імунітэт раслін, іх устойлівасць да засухі, да замаразкаў. Гэта значыць, менавіта да тых прыродных з'яў, з-за якіх мы сёння губляем вялікія аб'ёмы ўраджаю. Калі здарыліся замаразкі, і пры гэтым у глебе няма калія, можа загінуць нават 100% ўраджаю. Але калі ў глебе хапае калію, то ўраджай можна захаваць нават пры неспрыяльных умовах надвор'я. У спрыяльных умовах вялікі ўраджай можна атрымаць і без калію. І так, Калій — гэта сапраўды дэфіцытны тавар на міжнародным рынку.
Так, без калія — усё дрэнна. Але ці ўсё дрэнна ў амерыканскіх фермераў? Таксама — так. Прыкладна 15% усіх выдаткаў амерыканскага фермера — купля ўгнаенняў. Да 2020 года цэны на іх некалькі гадоў былі стабільныя — а потым пачалося. Спачатку пандэмія парушыла ланцужкі паставак, потым ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага калію.
А потым пачалася вайна ва Украіне. Наўпрост супраць расійскага калію ЗША санкцый не ўводзілі, але вайна парушыла працу ўкраінскіх суднаходных кампаній. У выніку амерыканскія кампаніі сталі з асцярожнасцю ставіцца да расійскіх пастаўшчыкоў, піша New York Times. Канфлікты на Блізкім Усходзе таксама не дапамаглі сітуацыі — гандаль угнаеннямі запаволіўся.
Мікалай Лысянкоў кажа, што нейкі час фермеры могуць пратрымацца без калію. Яго неабавязкова ўносіць кожны год — можна прапусціць год ці два, катастрофы не будзе. Паводле звестак Fertilized Canada, амерыканскі імпарт калійных угнаенняў у студзені-траўні знізіўся на 16%.
Але потым калій зноў спатрэбіцца — і замяніць яго няма чым. Мы, вядома, перапыталі: зусім няма чым? І Лысянкоў пацвердзіў: зусім-зусім няма чым.
"За доступ да амерыканскага рынку Лукашэнку варта было б наогул усіх выпусціць"
Колькі менавіта калія прадае Беларусь і куды менавіта, мы не ведаем ужо некалькі гадоў — статыстыка засакрэчаная. Махоўскі робіць прыблізныя падлікі, зыходзячы са статыстыкі краін, з якімі Беларусь гандлюе ўгнаеннямі.
З гэтых разлікаў выходзіць, што цяпер асноўны пакупнік беларускага калію — Кітай. Верагодна, як і раней, яго купляе Бразілія — у яе статыстыцы ўласна беларускі калій не значыцца, але аб'ёмы паставак расійскага калію выраслі прыкладна настолькі, колькі раней прадавала Беларусь. Гэта значыць, можна меркаваць, што беларускі калій усё яшчэ плыве ў Бразілію, але пад выглядам расійскага. Невялікія аб'ёмы пастаўляюцца ў Афрыку, а яшчэ ў Інданезію.
— Але нягледзячы на ўсе размовы пра тое, як мы выходзім на рынкі далёкай дугі, гэта невялікія аб'ёмы. Гэта значыць, так, у беларускіх угнаенняў ёсць праблема — іх няма куды прадаваць, — кажа Махоўскі. — Раней больш за ўсё калію прадавалі ў Бразілію, на другім месцы быў Кітай, на трэцім — Індыя.
Цяпер у Індыю наогул не прадаюць (там статыстыка не такая закрытая, беларускага калію ў ёй няма, і, хутчэй за ўсё яго там сапраўды няма). Экспартаваць калій у Індыю перасталі з-за банкаўскіх санкцый, Індыя не хоча з усім гэтым звязвацца, ёй і так ёсць, дзе купіць калій.
А Кітай усё яшчэ купляе беларускія ўгнаенні, але з велізарнай зніжкай. Па падліках Махоўскага, у 2024 годзе Пекін плаціў за беларускі калій мінімум на 40% менш, чым за калій, які купляў у іншых краін.

— Таму, так, для Беларусі было б вельмі карысна асвоіць прэміяльны амерыканскі рынак, там шмат грошай. Наколькі выгаднай была б гэтая прапанова для Лукашэнкі? Ну, я лічу, што за доступ да амерыканскага рынку калійных угнаенняў ён павінен быў бы прама ўсіх выпусціць, — кажа Махоўскі. — Але нават у лепшыя часы ў Штаты прадаваліся вельмі невялікія аб'ёмы угнаенняў.
Але цяпер часы не лепшыя для ўсіх. Перапады настрою Трампа нават прыязных канадцаў выводзяць з сябе. Прэм'ер-міністр канадскай правінцыі Антарыё Даг Форд нават захацеў зрабіць амерыканскаму прэзідэнту балюча. Ён прапанаваў свайму калегу з правінцыі Саскачэван Скоту Мо наогул адрэзаць Штаты ад канадскага калію і пашукаць новыя рынкі для продажу ўгнаенняў. А Саскачеван — адзін з найбуйнейшых у свеце рэгіёнаў па здабычы гэтага мінерала.
"Нам трэба пераканацца, што для Амерыкі гэта будзе балюча, — сказаў Форд. — Без калійных угнаенняў там, унізе (ЗША знаходзяцца на поўдзень ад Канады-Еўрарадыё), не будзе сельскагаспадарчай сістэмы".
А вось Аляксандр Лукашэнка нават вельмі не супраць што-небудзь прадаць у ЗША — гэта вынікае з яго ж публічнай рыторыкі. Напрыклад, у лютым амерыканскі прэзідэнт Трамп угаворваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падпісаць угоду аб рэдказямельных металах. Пакуль Зяленскі думаў, Лукашэнка сабраў урад і загадаў яму "капаць".
"Кажуць, што ў нас у адвалах ёсць рэдказямельныя Мінералы. Трэба выведаць і астатняе: і хімія, і нафта, і газ, і іншае", — ні на што не намякаючы, настаўляў чыноўнікаў Лукашэнка.
У адрозненне ад рэдказямельных металаў і нафты, "іншае" ў Беларусі сапраўды ёсць. Ці захоча Трамп гэта "іншае" купіць і якіх саступак запатрабуе ад Лукашэнкі? Далей пачынаецца чыстая канспіралогія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.