Холдынг "Планар", звязаны з "абаронкай", страціў ад санкцый 700 тысяч еўра

"Планар"

"Планар" / Яндекс.Карты

Беларускі холдынг "Планар" аплаціў куплю абсталявання за мяжой, але не атрымаў яго ў выніку санкцый. Страты прадпрыемства, звязанага з абароннай прамысловасцю, склалі каля 700 тысяч еўра, паведамляе арганізацыя былых сілавікоў BELPOL.

Частка абсталявання затрымалася ў порце Літвы, а частку арыштавалі і адправілі на склад часовага захоўвання ў Казахстан.

Пастаўшчыкі і перавозчыкі адмовіліся выконваць кантракты, бо для экспарту абсталявання ў адрас прадпрыемстваў пад санкцыямі патрабуюцца:
— звесткі пра канчатковага карыстальніка;
— гарантыі, што прадукцыя не будзе рээкспартаваная ў Беларусь ці Расію;
— экспартныя ліцэнзіі і сертыфікаты BAFA (Федэральнае ведамства па кантролі за экспартам, Германія).

"Планар" — вытворца абсталявання для мікраэлектронікі, оптыкі і радыётэхнікі. Яго прадукцыя можа выкарыстоўвацца як у грамадзянскай прамысловасці, так і ў ваеннай — напрыклад, пры стварэнні прыцэлаў, радараў або сістэм навядзення. Прадукцыя "Планара" пастаўляецца не толькі ў Беларусь ("Інтэграл"), але і ў Расію, у тым ліку на прадпрыемствы ВПК.

"Планар" знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.