Stadler адмаўляецца пастаўляць цягнікі беларускай чыгунцы
STADLER / railway.supply
Швейцарская кампанія Stadler абвергла паведамленні пра падпісанне кантракта з Беларускай чыгункай. У кампаніі пацвердзілі, што перамовы сапраўды вяліся, але дамовы так і не было. Stadler падкрэсліла, што строга выконвае ўсе санкцыі супраць Беларусі, таму пастаўкі або вытворчасць новых цягнікоў у краіне цяпер немагчымыя.
Пасля санкцый 2022 года завод "Штадлер Мінск" у Фаніпалі фактычна спыніў працу, хаця кампанія застаецца яго поўным уласнікам і падтрымлівае яго дзейнасць у мінімальным аб’ёме. Stadler адзначае, што аднаўленне вытворчасці магчыма толькі пасля адмены абмежаванняў. Раней улады Беларусі заяўлялі пра магчымасць прыходу расійскіх інвестараў на гэты завод, але канкрэтных рашэнняў пакуль няма.