Няма прабачэння тым, хто датычны — Ціханоўская пра смерць Паднябеннага

Андрэй Паднябенны / фота з яго сацсетак
"Няма нічога страшнейшага, чым страціць роднага чалавека. Няма прабачэння тым, хто датычны да гэтага злачынства. Мае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Андрэя".
Так Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць палітвязня Андрэя Паднябеннага, пра якую стала вядома сёння. Яна адзначыла, што гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі, пра якую стала вядома.
"Андрэй быў любячым сынам і клапатлівым бацькам, працавітым чалавекам, але рэжым назваў яго "небяспечным тэрарыстам". Яго асудзілі на 16 гадоў і 8 месяцаў зняволення. Увесь час зняволення Андрэю даводзілася праходзіць праз цяжкія ўмовы і катаванні, псіхалагічны і фізічны ціск. Але нават у такіх умовах ён казаў, што гатовы адсядзець яшчэ, калі гэта дапаможа яго дзецям жыць у вольнай краіне. І за жаданне лепшай будучыні для сваёй сям’і яго спачатку пазбавілі свабоды, а ў няволі забралі самае каштоўнае — жыццё", — адзначыла Ціханоўская.
Андрэй Паднябенны памёр 3 верасня ў магілёўскай папраўчай калоніі №15. Пра гэта стала вядома з паведамляння яго маці.
36-гадовага гамельчука асудзілі на 16 гадоў і 8 месяцаў па шэрагу палітычных артыкулаў. Яго затрымалі ў 2021 годзе і абвінавацілі ў падпале машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні тг-канала і тг-чата, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Акрамя таго, Паднябенннаму інкрымінавалі падпал крана на будоўлі ў 2019 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.