Беларускі турбізнес пра закрытую мяжу: ці вернуць грошы турыстам

Кракаў, Польшча

Кракаў, Польшча / unsplash

Пасля таго як Польшча абвясціла аб поўным закрыцці мяжы з Беларуссю, у памежных чатах пачалі шукаць тых, каму горш.

Тут ёсць з каго выбраць: беларусаў, якія прама зараз едуць на аўто па Еўропе, чакае складаная лагістыка вяртання дадому. А тых, хто планаваў паехаць на адпачынак восенню, наогул незразумела, што чакае.

Мы папрасілі блогера і ў мінулым уладальніка турбізнесу ў Беларусі Аляксандра Лібера распавесці, як сфера перажыла ўчорашні дзень. І чаго тураператары, турагенцтвы і іх кліенты чакаюць ад заўтрашняга.

 

"У такія кароткія тэрміны памяняць праграму практычна немагчыма"

— Якія прама цяпер настроі ў турагенцтваў і аператараў?

— Паколькі ўсе і так жывуць і працуюць у стане перманентнага напружання, навіна пра мяжу не выклікала панікі. У Беларусі не так шмат аўтобусных аператараў, якія, па-першае, наогул возяць туры ў Еўропу, а па–другое, маюць запланаваныя выезды-ўезды з 12 па 16 верасня.

Паніка больш прыкметная сярод тых, хто планаваў паездкі ў гэтыя даты на машыне і сярод тых, хто падаецца на візы.

Ніякіх антыкрызісных планаў у агенцтваў і аператараў няма, прынамсі ў тых, з кім я падтрымліваю кантакты — і выбарка гэтая цалкам рэлевантная.

— Дапусцім, чалавек ужо купіў тур і павінен быў ехаць на адпачынак у Еўропу на наступным тыдні. Як павядзе сябе агенцтва? Ці памяняе даты туру або накіруе аўтобус у аб'езд Польшчы? Ці ўвогуле прапануе адпачыць у Расіі?

— У такія кароткія тэрміны памяняць праграму практычна немагчыма. Літва не прапускае турыстычныя аўтобусы, у Латвіі неабходна запаўняць паведамляльныя анкеты за 48 гадзін, плюс маршрут праз Латвію цягне адчувальныя лагістычныя і часовыя выдаткі. У кантэксце аўтобусных арганізаваных тураў сітуацыя выглядае безальтэрнатыўнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.