“Туск казаў, што мы будзем рэагаваць”: чаму Польшча закрывае мяжу

Міхал Патоцкі

Міхал Патоцкі / асабісты архіў

Туск казаў, што мы будзем рэагаваць”. Журналіст выдання Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі мяркуе, што ў рашэнні польскіх уладаў пра поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю ёсць тры прычыны.

“Па-першае, гэта сігнал, што мы сур’ёзна трактуем “Захад-2025”, што нас непакоіць той сцэнар, пра які кажуць расійскія і беларускія ўлады, і што сапраўды падчас вучэнняў могуць адбыцца правакацыі. Гэта не значыць, што гаворка пра нейкае ўварванне, але правакацыі магчымыя.

Па-другое, гэта адказ на нядаўняе затрыманне польскага манаха, якое ў Польшчы ўспрынялі як правакацыю супраць польска-беларускіх стасункаў. І Туск казаў пра тое, што мы будзем рэагаваць.

Па-трэцяе, балы для Туска вельмі важныя. Яму трэба паказаць, што ён моцны і не баіцца нейкіх жорсткіх рухаў”.

Міхал Патоцкі кажа, што такі крок польскіх уладаў узгоднены як з краінамі Еўрасаюза, так і з Кітаем. А яшчэ — абавязкова з Літвой:

“Калі ў Беларусі з’явіліся “вагнераўцы”, Польшча вяла кансультацыі з Літвой і Латвіяй наконт супольнага закрыцця мяжы ў выпадку правакацый. Лагічна было б казаць, што гэта адбылося і цяпер”.

На думку журналіста, калі вучэнні пройдуць спакойна, пераходы адкрыюць. У іншым выпадку — палякі працягнуць блакіроўку межаў.

У аўторак прэм’е-міністр Польшчы Дональд Туск аб’явіў пра поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю — разам з чыгуначымі пераходамі. Па яго словах — гэта адказ Польшчы на расійска-беларускія вайсковыя вучэнні, якія пройдуць у нашай краіне з 12 па 16 верасня.

“Мы сутыкаемся з усё большай колькасцю правакацый з боку Расіі і Беларусі. Таму мы закрыем мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераезды, у сувязі з вучэннямі “Захад”, апоўначы з чацвярга на пятніцу”, — заявіў польскі прэм’ер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.