Палітвязня Андрэя Паднябеннага знайшлі ў калоніі павешаным

Андрэй Паднябенны

Андрэй Паднябенны

Палітвязня Андрэя Паднябеннага знайшлі ў калоніі павешаным. Пра гэта ў сацсетках напісала яго маці Валянціна. Паводле яе, мужчына "змудрыўся павесіцца незразумела на чым у ШІЗА калоніі пятнашкі".

Раней паведамлялася, што прычынай смерці палітвязня ў магілёўскай папраўчай калоніі №15 стала ўдушша.

Пра смерць Андрэя Паднябеннага стала вядома ў панядзелак, 8 верасня. Яго маці напісала ў сацсетках, што сын загінуў 3 верасня. Афіцыйнага пацвярджэння гібелі палітвязня дагэтуль няма.

Паднябенны пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці з 2019 года. Тады ён выступаў супраць забудовы ў сваім раёне Гомеля: збіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльнення і друкаваў улёткі. На выбарах 2020-га быў назіральнікам, за заўважаныя фальсіфікацыі пісаў скаргі на начальніка выбарчай камісіі ў пракуратуру. Таксама ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, за што яго пазбавілі правоў кіроўцы.

Паднябенны быў асуджаны па двух судах да 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі па шэрагу палітычных артыкулаў. Мужчыну інкрымінавалі ў тым ліку  падпал аўтамабіля супрацоўніка Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусах ды інш. Суд над ім быў закрытым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.