Рэцэнзія на фільм “АЗС №1”. Халтура на замову Лукашенкі
Калаж з кадраў фільма "АЗС №1" / @rubanau_collage
Аляксандр Лукашэнка ў сваім жыцці абсалютна апантаны толькі двума рэчамі — уласнай уладай і, як не дзіўна, беларускім кіно.
Калі момант з бескантрольным кіраваннем краіны і так усім відавочны, то вось імпэт скарыць кінамастацтва заўважаеш не адразу, толькі калі пільна сочыш за навіновай стужкай. Бо там такіх яркіх праяў з’яўляецца ўсё болей, чым іх павінна быць.
Узяць хаця б гучны разнос дзяржстудыі топ-чыноўнікамі, які адбыўся ў чэрвені 2025 года. Ці агучанае пару гадоў таму патрабаванне “зняць блакбастар” ад былога прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. І зусім свежыя абяццанні новага міністра культуры Руслана Чарнецкага “стварыць прарыўны фільм” з будучай вытворчай камедыі “Класная”.
Адчуванне, што ўвесь дзяржапарат натуральна са скуры лезе вон, каб толькі зняць кіно, якое абавязкова спадабаецца Лукашэнку і яго бліжэйшаму асяроддзю. А што там думаюць простыя гледачы нікога не цікавіць — патрэбнае ўладзе узнёслае грамадскае меркаванне аформіць прапаганда праз падкантрольныя СМІ.
У гонку за здзяйсненнем кінамараў аўтакрата ўключылася нават дзяржтэлебачанне ў асобе нібы самага прагрэсіўнага тэлеканала з праўладанага пулу — “АНТ”. Яго ўжо былы гендырэктар Марат Маркаў у 2019-ым годзе па прапанове уладаў загадаў зняць першы для беларускіх дзяржмедыя ігравы праект — камедыйны серыял “Начная змена” пра супрацоўнікаў аўтазапраўкі.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты праект у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.
Праз пяць гадоў, прадраўшыся праз тэставую пілотную серыю, перапісванне канцэпцыі і палітычны крызіс у краіне, тэлевізіёншчыкі выпусцілі “АЗС №1” — 4-х серыйную камедыю абставінаў і паўнаметражны фільм ў адным флаконе. Летась яго з належным пафасам паказалі у прыватным кінатэатры Falcone Boutique Club, а потым абмяркоўвалі на самім канале як нешта, чым варта ганарыцца. Вось толькі за дзяжурным самавыхваленнем хаваецца, нават па лакальных мерках тэлевізійнай вытворчасці постсавецкай медыяпрасторы, немудрагелістая халтура.
За рулём жоўтай “Ламбаргіні” за гарызонт хаваецца толькі што звольнены намеснік кіраўніка неназванай сеткі аўтазаправачных станцыяў. Яе гістэрычны дырэктар (Андрэй Перапечка) так і не змог зразумець, як яго былы падначалены змог зарабіць так шмат грошай. Каб супакоіць сваю незадаволенасць, ён прымае нетыповае рашэнне — аб’яўляе конкурс сярод кіраўнікоў АЗС. Чыя паліўная станцыя за месяц больш за ўсіх заробіць грошай, той і зойме вакантнае месца намесніка дырэктара.
У бітву за пасаду ўключаецца хітры менеджар Камароўскі (Максім Сокал), які сумесна са сваімі супрацоўнікамі Эльвірай (Іна Савенкова), Віцем (Сяргей Навіцкі) і Санычам (Юрый Санчанка) рубіць “чорны нал” праз сумніўныя схемы на запраўцы: поячы кіроўцаў бясплатным ліманадам са слабільным, заламвае кошты на дзіцячы батут, пераапранае супрацоўнікаў у людзей з інваліднасцю натуральна для жабрацтва.
Каб перамагчы, каманда АЗС запускае ў працу ўсё новыя пражэкты па дадатковым прыбытку. Іх планам замінае Леша (Назар Таманскі) — малады маладасведчаны спецыяліст, які нібы з’яўляецца сынам дырэктара заправак.
На гэтым апісанне сюжэта можна згарнуць,бо далей за завязку ён асабліва і не разаўецца, як і драматургія. Персанажы фільма проста запускаюць на працоўным месцы усё новыя і новыя бізнэс-ідэі (чаго у супраўднай Беларусі зрабіць проста нерэальна), тыя ідуць не па плане — і спараджаюць чарговыя недарэчныя калізіі, з якіх трэба выпутвацца. Ці з турмы вызваліцца, ці пазбавіцца ад непатрэбнага супрацоўніка, ці абвесці вакол пальца галоўнага канкурэнта. Але гэтыя лініі нікуды ні прыводзяць і нічым не заканчваюцца, а цалкам прадказальна шчаслівы канец абнуляецца кепскім (абыйдземся без сполейраў) сцэнарным твістам.
Аўтары чамусьці вырашылі, што калі здымаюць сітуацыйную камедыю, якой “АЗС №1” і з’яўляецца, то банальную логіку можна ігнараваць. Праз гэта гісторыя перыядычна ператвараецца ў натуральны тэатр абсурду — бывае цяжка зразумець, чаму персанажы робяць рэчы, якіх ад іх не чакаеш. Напрыклад, калі ўзнікае патрэба ператварыць будынак АЗС у кінатэатр, герой незразумела чаму едзе ў вясковы дом культуры (!) за плёначным праектарам (!!). Тое, што падзеі разгортваюцца ў цяперашні час, і ў беларускіх вёсках не адшукаць плёначных праектараў, сцэнарыста і прадзюсараў абсалютна не бянтэжыць.
Горш за дрэнна прапісаны сцэнар выглядае толькі цалкам адсутная драматургія. Супрацоўнікі аўтазапраўкі ніяк не прапісаныя, іх характары не маюць зусім ніякіх рысаў, акрамя прагі да грошай і выканання загадаў свайго кіраўніка Камароўскага. У іх раптоўна знаходзяцца нетыповыя таленты: артыстычнае пераўвасабленне ў іншага чалавека, здольнасць іграць на музычных інструментах, кіраванне вайсковай тэхнікай — вядома, толькі такіх рознабаковых асоб чакаюць на дзяржпрадпрыемствах! Гэтыя суперздольнасці узнікаюць літаральна з паветра, хоць дагэтуль стваральнікі праекта нават не спрабавалі на такое развіццё сюжэту намякаць.