Рэцэнзія на фільм “Хто я?”. Выказванне, якога не было

Калаж з кадраў фільма "Хто я?" / @rubanau_collage
Ці даводзілася вам апошнім часам мець справу з цалкам ананімнымі творамі?
Чытаць кнігу, у якой адсутнічае аўтар, нават пад псеўданімам? Слухаць песню без разумення, што за музыка яе выконвае? Глядзець фільм, напрыканцы якога ёсць тытры, але без імя стваральніка — бо гэта можа быць небяспечным?
Можа падацца парадаксальным, але менавіта ў такім стане татальнага партызанства з 2020-га года існуе беларуская культура. Кожная спроба выказвання, не ўзгодненая з уладай, можна патэнцыйна выліцца ў штраф, арышт ці крымінальную справу для яго аўтара. Тут ужо як пашанцуе.
Непазбежная і пакутлівая для шмат каго, цэнзура (сама) стварае яшчэ і шэрую зону неапраўданых чаканняў. Калі вакол утоенага па розных прычынах твора ствараецца штучная атмасфера контркультурнасці, якая лопаецца як мыльны пухір роўна ў момант знаёмства з ім.
Стужка “Хто я?” трапіла ў такую ж неадназначную гісторыю. Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты фільм у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.

Фільм мае складаны лёс. Ён здымаўся восенню 2020-га і з’явіўся напачатку 2021-га, але так і не дабраўся да свайго гледача: ні на кінафестывалях (была як мінімум адна спроба прабіцца ў конкурс Варшаўскага кінафеэста, якая скончылася нічым), ні да публічных паказаў. У рэшце рэшт стужка ўвогуле знікла з радараў, быццам бы яе і не існавала. Прадзюсар і аўтар “Хто я?” — вядомыя постаці ў беларускім кіно — адмаўляюцца згадваць сябе ў кантэксце праекта. Стаць аб’ектам рэпрэсій — і праўда не лепшая жыццёвая перспектыва.
Падставы для такой абачлівасці сапраўды ёсць. З нешматлікай інфармацыі, што можна адшукаць у сеціве, стужка задумвалася як глыбокае выказванне пра падзеі 2020 года і пошук ідэнтычнасці яго герояў. Вось толькі такі нязграбны момант — абяцанай рэфлексіі вы на экране не пабачыце. Фільм задумваўся пра адно, а атрымаўся зусім пра іншае.
На багата абстаўленае лецішча, схаванае ў лесе недзе ў межах Мінска, з’язджаецца разнамасная кампанія старшакласнікаў. Люцік — няўпэўнены цемнаскуры хлопец, які вядзе відеаблог пра спазнанне сябе. Падкая да мужчынскай увагі Аліса і яе раўнівы хлопец-кікбоксер Артур. Прадавец наркотыкаў Неа, які размаўляе выключна высакамоўнымі паліндромамі са сваёй адданай сяброўкай. Дарослы аніматар святаў Міця — чалавек тонкай душэўнай арганізацыі, які не супраць напіцца за чужы кошт. Ранімая прыгажуня Джэнні, у якой складаныя адносіны з негалосным лідарам класа Герам.
Апошні як раз — часовы гаспадар лецішча, разбэшчаны сын уплывовых бацькоў, тыповы прадстаўнік залатой моладзі.

Фармальная нагода для сустрэчы моладзі — свята Хэлаўіна, але сапраўдная — больш шакавальная. Гера хоча пахваліцца, што іх сумесная хуліганская выхадка супраць настаўніцы геаграфіі, пасля якой яна трапіла ў вар’яцкі дом, засталася непакаранай. Віну на сябе ўзяў іншы вучань, а значыць можна расслабіцца і адсвяткаваць новы год жыцця, не хваляючыся ні аб чым. Нават пра шматысячныя пратэсты, якія адбываюцца зусім блізка і адначасова далёка — у нейкай іншай рэальнасці.
Псеўдадакументальныя сцэны, дзе героі раскрываюць душу на камеру. Метакаментары, што “негвалтоўны пратэст — гэта поўнае лайно для мягкацелых”. Саўндтрэк ад сучасных беларускіх выканаўцаў: ад Nizkiz да Nemiga.
“Хто я?” пачынаецца вельмі амбіцыйна — як драма сталення, здольная размаўляць з гледачом сучаснай кінамовай на актуальныя тэмы. Вось толькі бліжэй да сярэдзіны ўвесь запал цалкам знікае.
Палітычны змест абмяжоўваецца паказаным на заднім плане ў адной са сцэнаў вялікім мітынгам, хвілінным розыгрышам “да нас прыехаў АМАП”, а таксама кінутай няўзнак фразай, што звар’яцелая настаўніца — “савок” і фальсіфікатарка на выбарах. На развіццё сюжэта гэтыя моманты ніяк не ўплываюць, проста дадаюць разумення, у які перыяд разгортваюцца падзеі. Ці можна было без іх цалкам абысціся — так, у змесце гісторыя не шмат бы згубіла і фільм не выглядаў бы валізкай без ручкі.

Недакручанымі засталіся і мак’юментары-моманты з размовамі герояў на камеру Люціка. Яны даюць больш разумення пра характары персанажаў і матывацыю іх дзеянняў у кампаніі, але патрэбнай глыбіні ўсё ж не дасягаюць. Цікава, што аналагічны прыём куды больш удала рэалізаваны ў фільме “Гэта я, Мінск”, створаным у 2022 годзе і таксама пацярпелым ад дзяржаўнай цэнзуры. У яго аўтараў Змітра Дзядка і Андрэя Грынько цалкам атрымалася адлюстраваць трывожны пошук ідэнтычнасці герояў — выпадковых мінчукоў. Спроба зрабіць нешта падобнае ў “Хто я?” выглядае проста няёмка.
Усё, на што хапіла фантазіі і энтузіязму ў стваральнікаў, — гэта зрабіць блытанае падлеткавае кіно пра сацыяльную няроўнасць і таксічныя паводзіны ініцыятара тусоўкі Геры, якія тлумачацца выключна жорсткім выхаваннем яго бацькі. З самых відавочных рэферэнсаў тут можа быць расійская драма “Розыгрыш” з рэперам Noize MC у галоўнай ролі, знятая Андрэем Кудзіненкам у 2008 годзе.
Вось толькі гэта параўнанне не ідзе ў залік аўтарам. “Хто я?” выглядае спехам зробленай, недапісанай драматургічна стужкай. Падаецца, што аўтарам не хапіла рэсурсаў — грошай, часу, знешняй і ўнутранай свабоды — каб распавесці больш уцямную гісторыю. Але разуменне гэтага ўсё адно не дае права назваць “Хто я?” добрым кіно.
Адзнака Еўрарадыё: 4 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.