Рэцэнзія на пілот серыяла “Акрэсціна”. У прадчуванні рэвалюцыі

Калаж з кадраў са здымак серыяла "Акрэсціна"

Калаж з кадраў са здымак серыяла "Акрэсціна" / @rubanau_collage

У Літве цягнецца судовы працэс паміж медыяменеджарам Паўлам Марынічам і драматургам Андрэем Курэйчыкам. Беларусы не могуць падзяліць паміж сабой першую серыю “Акрэсціна” — серыяла пра палітвязняў, які яны абяцалі паказаць гледачам два гады таму, але так гэтага і не зрабілі.

Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі паглядзеў адну з існуючых мантажных версій і распавядае, якім атрымаўся праект і пра што ён.

Гэта працяг цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы. 

***
У кіно, як і ў любым іншым кірунку мастацтва, ёсць праекты, якія ўдала існуюць самі па сабе, нават калі іх ніхто амаль не бачыў. Проста як інфанагода для скандалаў. Ці тэма для грамадскіх дыскусій. А можа, як сімвал, на які людзі могуць ускласці свае спадзевы. 

Рэцэнзія на пілот серыяла “Акрэсціна”. У прадчуванні рэвалюцыі
Кадры з рэпартажу пра здымкі серыяла "Акрэсціна" / @rubanau_collage / Маланка медыя

“Акрэсціна” як раз з ліку такіх. Праект быў задуманы драматургам Андрэем Курэйчыкам і прадзюсарам “Маланка медыя” Паўлам Марынічам да пачатку вайны ва Украіне, калі беларускім аўтарам яшчэ давалі грошы на мастацкі кантэнт (той жа “Мінск” Барыса Гуца паўстаў аналагічным чынам) і існаваў прастор для творчых эксперыментаў.

Галоўнай ідэяй серыялу было распавесці пра лідэраў пратэсту і медыйна знакамітых палітвязняў (Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Міколу Статкевіча, Марыю Калеснікаву) — і тыя бесчалавечныя турэмныя ўмовы, у якіх яны знаходзіліся і знаходзяцца. Выбудаваная канцэпцыя трапна біла ў балявую кропку грамадства. Махавік рэпрэсій тады толькі разганяўся, а колькасць людзей за кратамі расла ў геаметрычнай прагрэсіі — і момант для мастацкай рэфлексіі быў ідэальны. Тым больш, што праектаў падобнай тэматыкі яшчэ не існавала — да прэм’еры драмы “Пад шэрым небам” Мары Тамковіч, таксама прысвечанай жыццю палітвязняў за кратамі і іх блізкіх, заставалася яшчэ два гады.

Але знешнія абставіны згулялі супраць аўтараў. Ад пачатку няўдалае асвятленне праекта у СМІ, калі людзі эмацыйна адрэагавалі на кавалак сцэны растрэлу затрыманых з аўтамата (гэта была сцэна кашмару аднога з герояў, але крытыкаў гэта не спыніла), змянілася пачаткам вайны і поўным забыццём “Акрэсціна” у медыйнай прасторы. І толькі нядаўна праект ўсплыў ў кантэксце судовых разборак паміж Курэйчыкам і Марынічам. Аўтары судзяцца за маёмасныя правы, фінальны мантаж і, па адной з версій, вяртанне часткі вытворчага бюджэту ад Літоўскага кінафонду. 

У гэтым інфатумане цалкам патанула асноўная місія праекта — захаванне ўвагі да праблем Беларусі, фокус на праблеме існавання палітвязняў і прыгадванне падзей 2020 года. Знік і сам праект, які невядома ці з’явіцца на экранах, а калі з’явіцца, то ў якой мантажнай версіі і з якімі сэнсавымі акцэнтамі.

Версія, якую я паглядзеў, сапраўды вяртае гледача ў вясну 2020 года — часы бурлівай перадвыбарчай кампаніі. Тады ў паветры было разліта трывожнае прадчуванне непазбежнага вялікага грамадскага выбуху. 

Гэты настрой транслююць і героі серыяла — вязні і наглядчыкі ізалятара на Акрэсціна. Тут, у даволі вялікай і камфортнай камеры адносна сапраўднага СІЗА, сядзяць шасцёра мужчын: баязлівы кіраўнік дзяржпрадпрыемства, затрыманы за хабарніцтва, вясковы хуліган з Ушачаў, блатны вор-рэцыдывіст, высокі і барадаты медыцынскі актывіст і няўдачлівы аматар марыхуаны. Апошні — Мікіта Міцкевіч (яго ролю выконвае актор Свабоднага тэатра Павел Гарадніцкі). Хлопец адчувае віну за тое, што ў нецвярозым стане на аўто збіў палітычнага актывіста, які спрабаваў збегчы ад міліцыі.

 Ва ўсіх іх розныя, месцамі палярызаваныя погляды на сітуацыю, якая склалася ў Беларусі. Адны называюць Лукашэнку “крэпкім хазяйственнікам”, які навёў парадак у краіне, хай і жорсткімі метадамі. Іншыя лічаць такі парадак паказухай перад кіраўніцтвам і сапраўдным злачынствам, праз што, напрыклад, людзі масава паміраюць ў бальніцах ад каранавірусу, існаванне якога кіраўніцтва краіны ўпарта адмаўляе.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.