Скандал з серыялам "Акрэсціна" — стваральнікі адстойваюць правы на праект

Здымкi серыяла "Акрэсціна" / facebook/andrei.kureichik
Гарадскі суд горада Вільні разглядае справу аб аўтарскіх правах на серыял "Акрэсціна". У справе фігуруе кінематаграфіст (сцэнарыст і рэжысёр серыяла) Андрэй Курэйчык, а таксама "Маланка медыя".
Пра гэта Еўрарадыё распавёў Андрэй Курэйчык, які падзяліўся матэрыяламі справы і лічбавай копіяй пілотнага эпізоду "Акрэсціна", які ўжо зняты і змантаваны.
Пра разбіральніцтва кінематаграфіст даведаўся на пачатку мінулага года.
“Я б не ведаў пра гэты суд <...>. На гэта і быў разлік. Што я не ў курсе, я ў Амерыцы. А разбіральніцтва ў Літве на літоўскай мове, што я пра гэта не даведаюся і цішком будуць прынятыя неабходныя рашэнні. А аказалася, што я заўважыў гэта", — кажа Курэйчык.
Само разбіральніцтва яшчэ працягваецца і павінна скончыцца, па словах рэжысёра, гэтым летам.
Стваральнік "Маланка медыя" медыяменеджар, прадзюсар "Акрэсціна" Павел Марыніч сказаў Еўрарадыё, што не будзе каментаваць сітуацыю "пакуль ідзе суд".
Серыял "Акрэсціна", прысвечаны зняволеным Мінскага ІЧУ, пачалі здымаць у Літве зімой 2022 года. У праекце былі задзейнічаны ўкраінскія і беларускія акцёры ў эміграцыі, музыканты, актывісты: Павел Гарадніцкі, Маргарыта Ляўчук, Андрэй Ткачоў і інш. Здымачнай камандай быў зняты толькі пілотны эпізод з запланаваных 8 серый.
Серыял адразу апынуўся ў цэнтры ўвагі, калі гледачоў абурыў паказаны момант здымак сцэн расстрэлу людзей у ІЧУ. Курэйчык пазней патлумачыў, што гэта быў сон аднаго з герояў.
"Акрэсціна" дагэтуль не выйшаў на экраны, ягоны лёс застаецца невядомым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.