Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў

Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант"

Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

Напрыканцы лістапада ў кінатэатрах Беларусі пачаўся паказ “Пераломнага моманту” — падлеткавай драмы пра спаборніцтвы гімназістаў у акадэмічным веславанні. 

Гэта праект “Беларусьфільма”, за які адказны кінематаграфіст-пачатковец  Дзмітрый Сарока, які працуе на нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Сялук. Для Сарокі гэта дэбют у вялікім ігравым кіно. Стужка таксама стала адкрыццём сёлетняга кінафестывалю “Лістапад”, дзе атрымала прыз “Кіно без межаў” Выканкама СНД.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі паглядзеў адну з мантажных версій праекта і распавядае, чаму “Пераломны момант” — нетыповае для “Беларусьфільма” ідэалагічнае кіно, якое пры гэтым цалкам створанае з клішэ жанру “кіно пра спорт”.

***

Услед за нервовым курсам дзяржідэалогіі апошнія гады “Беларусьфільм” заўважна штарміла. Кіношнікаў прымушалі здымаць ліслівыя оды канструктыўнаму праўленню Лукашэнкі, прапагандысцкія міфы пра подлых і вераломных еўрапейцаў, а яшчэ мультфільмы пра дзяржаўныя сімвалы для самых маленькіх — усяго і не ўпомніш.

Зараз галоўная кінафабрыка краіны зноў змяніла курс. Цяпер ужо ў бок апрацоўкі падрастаючага пакалення “зумераў”, якое пакуль не паспела спазнаць усю глыбіню хараства беларускага аўтарытарызму.

Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў
Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

Для вырашэння такой няпростай задачы чыноўнікі таксама рэкрутавалі моладзь — пачынаючых кінематаграфістаў з бездакорнай для патрабавальнага рэжыму рэпутацыяй.

З нядаўнім выпускніком Акадэміі мастацтваў Кірылам Халецкім мы ўжо добра знаёмыя. За магчымасць самарэалізацыі пад крылом улады, маладзён ужо адплаціў, зняўшы дзве прасякнутыя любоўю да дзяржавы стужкі: “Культурны код” пра сутнасць дзяржаўных сімвалаў і “Класную” — пра тое, як жа здорава працаваць маладым настаўнікам па размеркаванні ў аграгарадку. 

Часовая манаполія Халецкага на рэалізацыю новых кінаідэй улады доўга не пратрымалася. У канкурэнтную пару да яго дадаўся “цёмны конік” Дзмітрый Сарока — былы тэлевізійшчык і кліпмейкер, які дагэтуль не здымаў ігравых фільмаў. Але ў адрозненне ад аўтара “Класнай”, у яго адшукалася відавочнае лобі з боку чальцоў сям’і Лукашэнкі. Гэта тлумачыць, як рэжысёр увогуле трапіў на “Беларусьфільм” — чаго сёння сабе не могуць дазволіць пастаноўшчыкі з куды больш багатым спісам рэгалій.

Акрамя наяўнасці сувязяў, Сароку не патрэбна было даказваць сістэме сваю лаяльнасць. Яго фільмаграфія, у якой хапае тэлефільмаў на вузлавыя для ўлады тэмы Рыжскага міру, Другой сусветнай вайны, сучасных дзяржаўных культурных калектываў, кажа сама за сябе. 

На гэтым кантрасце яго ігравы дэбют здзіўляе адсутнасцю праяў відавочных ідэалагічных артэфактаў, накшталт чырвона-зялёнага сцяга буйным планам ці сцэны калектыўнага спявання дзяржаўнага гімна.

Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў
Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

“Пераломны момант” аказаўся тыповай спартовай драмай пра падлеткаў-аўтсайдараў, якія дамагаюцца абавязковага поспеху, праходзячы праз дарослыя выпрабаванні.

Арцём Савічаў (Міхаіл Цуба) — фанабэрысты капітан каманды гімназіі “Арвэн” па акадэмічным веславанні. Яго гарачлівы характар вылазіць яму бокам, калі праз неўважлівасць ён ламае толькі-толькі падораную гімназіяй дарагую лодку і церпіць паразу ў заплыве. 

Апошняе выклікае ў яго альма-матэр кадравыя змены. На месца старога трэнера, апранутага ў алімпійку з надпісам СССР, у гімназію ўладная чыноўніца (Валерыя Арланава) дасылае амбіцыйнага трэнера (Павел Адамчыкаў), памяшанага на кантролі і падпарадкаванні. Бунтар Савічаў, які яшчэ і нагу паспеў зламаць, у лік яго любімчыкаў не трапляе і выбывае з каманды.

Каб даказаць дырэктару гімназіі (Віктар Рыбчынскі) і вечна занятай маці-адзіночцы (Наталля Халадовіч), што ён чагосьці варты, хлопец збірае са школьнікаў-аўтсайдараў (Дзяніс Серыкаў, Раман Наўмовіч, Назар Рэўт) новую каманду, якая кідае выклік спартоўцам пад кіраўніцтвам з’едлівага новага трэнера.

Будзем шчырымі, спартовыя драмы — няўдзячны жанр, як і амаль зніклыя з вялікіх экранаў традыцыйныя меладрамы і рамантычныя камедыі. За дзесяцігоддзі існавання правілы драматургіі ў ім ператварыліся ў відавочныя клішэ. Праз што атрымаць хаця б невялікае задавальненне ад прагляду такіх стужак проста немагчыма — у іх усё відавочна ад самага пачатку.

Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў
Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

З такіх да болю пазнавальных штампаў складзены і “Пераломны момант”, сцэнар для якога, як прызнаецца сам, перапісваў пад сябе Сарока. Ён жа прынёс у праект уласныя ўражанні ад акадэмічнага веславання, якім у юнацтве займаўся на прафесійным узроўні, бо фільм трэба было здымаць у хуткім тэмпе цягам лета.

Але ў чым палягае адметнасць гэтага віду спорту ад іншых, у стужцы не распавядаецца. Аўтар зусім не паглыбляецца ў спартовыя нюансы, пакідаючы разуменне спецыфікі спаборніцтва на ўзроўні фраз герояў пра тое, што лодкі для веславання дорага каштуюць, а каб дамагчыся выніку, трэба каб усе чальцы каманды маглі сінхронна трымацца на вадзе. З такім жа поспехам “Пераломны момант” мог бы распавядаць пра які заўгодна тып каманднага спаборніцтва: хакей, баскетбол, гандбол. Падмену было б цяжка заўважыць.

Узнікаюць справядлівыя пытанні наконт рэалістычнасці сюжэту. Сцэнарны ход са стварэннем у прыватнай школе (прыватная школа ў Беларусі — ужо гучыць фантастычна) каманды з ініцыятывы вучня, які яшчэ канкуруе з трэнерам, можна было б прыняць за мастацкае дапушчэнне. Але для беларускай школы, наскрозь пранізанай вертыкальным падпарадкаваннем, любыя ініцыятывы знізу выглядаюць натуральнай фантастыкай. Прабачце, так проста не бывае.

Цяжар драматургіі гісторыі Сарока ўскладае на галоўнага героя — не самага сімпатычнага, але адзінага паўнавартасна прапісанага персанажа. Акрамя канфлікту ў школе і дома, у Савічава ёсць унутраная драма, звязаная з бацькам-весляром, які патануў у рацэ, і рамантычныя стасункі з унучкай старога трэнера, якую ён да пачатку сваіх праблем не заўважае. 

Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў
Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

Гэты маток хай і банальных супярэчнасцяў можна было б разматаць больш цікавым чынам, чым паказана на экране. Але ні ў самога рэжысёра, ні ў пачынаючага актора Міхаіла Цубы гэта не атрымліваецца. За трансфармацыяй героя проста не цікава назіраць, настолькі яна лінейна развіваецца. 

Усе астатнія персанажы прапісаныя пункцірным чынам, на ўзроўні архетыпаў. Калі школьнік з даўгімі валасамі – значыць батан, калі школьная прыгажуня, якая вешаецца на галоўнага героя, — значыць падкая да поспеху здрадніца, калі дырэктар гімназіі — значыць строгі, але справядлівы кіраўнік. 

Па ўзроўні сюжэтнага прымітывізму “Пераломны момант” недалёка адышоў ад “Класнай”, але ад Сарокі хаця б не патрабавалі ўстаўляць эпізоды з кнігай “Наш прэзідэнт”, што грае ўсё ж на карысць стужцы.

Агулам, за што дэбют Сарокі можна пахваліць — гэта тэхнічны складнік: аператарская праца і каляровая карэкцыя. Усе гэтыя заплывы на лодках у промнях узыходзячага сонца, ды яшчэ знятыя ў рапідзе [запаволеныя здымкі. — Еўрарадыё], зробленыя даволі няблага. 

Можна сказаць, што стужка выглядае цалкам кінематаграфічна, асабліва калі ставіць праект з нядаўнімі праектамі студыі: “Час вяртацца”, “На іншым беразе”, якія ствараліся адначасова і для кінатэатраў, і тэлебачання. Іх універсальнасць “карцінкі” проста рэзала вочы.

Рэцэнзія на фільм “Пераломны момант”. “Беларусьфільм” для зумераў
Кадр з трэйлера фільма "Пераломны момант" / РУП "Беларусьфільм"

Візуальны бок, бадай, адзін момант, які дазваляе аргументаваць, чаму гэты фільм у тэорыі мог бы трапіць у бібліятэку Netflix, калі б гігант сусветнай кінаіндустрыі сапраўды працаваў у Беларусі. Менавіта такую задачу ставіў перад сабой Сарока, беручыся за праект.

Новае пакаленне рэжысёраў “Беларусьфільма”, што ў “Класнай”, што ў “Пераломным моманце”, навучылася ствараць прыгожую карцінку. Вось толькі ў плане драматургіі, сторытэлінгу і проста ў наяўнасці свежых ідэй у маладых аўтараў поўны правал, які ніяк немагчыма апраўдаць. Вогнішча амбіцый, бачна, добра распаленае, але сапраўднага цяпла ад яго зусім не адчуваецца.

Таму пакуль даюць здымаць — лепш гэтым карыстацца, інакш “Беларусьфільм” у чарговы раз пераключыцца на асваенне новых ідэалагічных прастораў, для якіх могуць спатрэбіцца зусім іншыя творчыя кадры, чым тыя, што працуюць на студыі цяпер.

Адзнака Еўрарадыё: 5 з 10

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.