Рэцэнзія на мінісерыял “Працэсы”. Рэспубліка крывых люстэрак

Серыял "Працэсы"

Серыял "Працэсы" / @rubanau_collage

У беларуска-польскага тэлеканала “Белсат” у 2023 годзе выйшлі “Працэсы” — трагікамічны серыял пра жыццё ў аўтарытарнай Беларусі. Яго стварыў дуэт незалежных кінематаграфістаў — Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі расказвае ў чым ўнікальнасць шоў, якое параўноўваюць з “Чорным люстэркам” — серыяльным хітом стрымінгу Netflix.

Гэта працяг цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы. 

***
Серыялу “Працэсы” прадвызначана было паўстаць. Бо хоць нехта мусіў адлюстраваць увесь жах і бязглуздзіцу першай паловы 2020-х гадоў.

Канешне, абавязкова знойдуцца канспіролагі, якія скажуць, што ўся справа ў нейкай выдуманай замове заходніх лялькаводаў. Ці палітычнай кан’юнктуры, якую трэба было як мага хутчэй адпрацаваць. Але ўсё нашмат прасцей. 

Час дзяржаўнага тэрору, расхвальвання на ўсе лады аўтарытарызму і незнікаючай небяспекі вайны проста вывярнуў беларускую рэчаіснасць навыварат. І яна ператварылася ў сапраўдны фарс, макабрычны карнавал, дзе страшнае і трагічнае больш не могуць успрымацца ўсур’ёз. Матэрыял літаральна валяўся пад нагамі — ім і скарысталіся шоўранэры Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй.

Тым больш яны мелі ў гэтым досвед — іх гумарыстычнае ютуб-шоў “ЧынЧынЧэнэл” пра двух крыклівых чыноўнікаў у шэрых гарнітурах (іх граюць Міхась Зуй сумесна з калегам па трупе “Вольныя купалаўцы” Дзмітрыем Есяневічам) добра зарэкамендавала сябе ў пратэстны перыяд. Праект стаў своеасаблівай пясочніцай для творчых эксперыментаў, з якога і вырас метасусвет “Працэсаў”. Яго ў якасці свайго першага ігравога шоў узяў пад крыло яшчэ нерэфармаваны новым польскім урадам тэлеканал “Белсат”.

Эксперымент быў рызыкоўны. Хаця б таму, што іранізаваць над рэжымам у момант, калі ў турмах знаходзяцца тысячы (па розных падліках) палітвязняў, не самая ўдзячная справа. Але ў стваральнікаў, хай і не без перагібаў, атрымалася намацаць баланс паміж смешным і жудасным.

Рэцэнзія на мінісерыял “Працэсы”. Рэспубліка крывых люстэрак
Калаж з кадраў серыяла "Працэсы" / @rubanau_collage / Белсат

“Працэсы” — гэта антыўтапічная анталогія з чатырох частак, якія не маюць адзінага скразнога сюжэту, але звязаныя персанажамі і адбываюцца ў версіі Беларусі, якую пакінуў здаровы сэнс. 

У эпізодзе “Ператрымка” запальчывага амапаўца Мікалая (Андрэй Новік) кіраўніцтва ставіць перад фактам — пратэстоўцаў стала так багата, што ўсе СІЗА і турмы літаральна перапоўнены. Таму новай партыі затрыманых давядзецца адседзець 15 сутак у ягонай двухпакаёвай кватэры, атрыманай ад дзяржавы. 

Брутальны сілавік, з якога дома гламурная жонка ў ружовых пантофлях (Валянціна Гарцуева) в’е вяроўкі, спачатку пакутуе ад свавольства кіраўніцтва, а потым уваходзіць у смак, карыстаючыся бясплатнай працоўнай сілай затрыманых. І нават пачынае верыць у тэлеміф пра іх рабскае паходжанне.

Такіх даведзеных да чыстага абсурду высноў у “Працэсах” хапае. Вось толькі беларускі рэжым аказаўся больш вынаходлівым, чым стрыманая аўтарская фантазія, і многія пачварныя ідэі ўжо цалкам рэалізаваныя ім у жыцці.

Рэцэнзія на мінісерыял “Працэсы”. Рэспубліка крывых люстэрак
Актор Ігар Сігоў у серыяле "Працэсы" / Белсат

Але трапляецца і тое, да чаго беларускі аўтарытарызм яшчэ не саспеў. У серыі пад назвай “Патрыятычнае практыкаванне” школьнікі адной са сталічных школ у якасці падарунку за высокія адзнакі трапляюць на экскурсію ў штаб-кватэру КДБ, якім кіруе усмешлівы генерал (Ігар Сігаў) з чорным кіёчкам і залатым аксельбантам на мундзіры. Сам жа прытулак спецслужбістаў нагадвае завод з фільма Ціма Бёртана “Чарлі і шакаладная фабрыка”, з тым адрозненнем, што тут катуюць і караюць смерцю ворагаў рэжыму.

За гэта спалучэнне не заўсёды ўдалага чорнага гумару, сатыры і жахлівых момантаў “Працэсы” крытыкавалі, абвінавачваючы аўтараў у дрэнным гусце і эксплуатацыі калектыўнай траўмы. На мой погляд, серыял працуе хутчэй тэрапеўтычным чынам, дазваляючы праз адлегласць ігравой формы перапрацаваць ўласны вопыт пражывання рэпрэсій, зазірнуць у вочы неадрэфлексаванаму страху.

У двух апошніх частках шоў набывае метафізічнае вымярэнне, нагадваючы сюжэты кніг Дорджа Оруэла і Франца Кафкі, экранізаваныя ў стылі трывожнага сюрэалізму позняй фільмаграфіі Дэвіда Лінча.

Рэцэнзія на мінісерыял “Працэсы”. Рэспубліка крывых люстэрак
Яна Траянава ў серыяле "Працэсы" / Белсат

Героі эпізоду “Прыснілася” абраны з калектыву стомленых бюракратаў безназоўнага міністэрства, на чале якога стаіць вечна занепакоены кіраўнік (Алег Гарбуз). Ён, як і яго падначаленыя, пачынаюць бачыць адзін і той жа сон — дождж, які лье падчас пахавання прэзідэнта. Крамольная думка, што ўяўленне можа апынуцца праўдай, спачатку палохае, а затым нараджае ў бюракратаў крохкую веру ў тое, што час татальнага кантролю хутка скончыцца. 

На веры ў лепшае трымаецца і ўсведамленне Зоі (Яна Траянава) — зацюканай прадавачкі са стэрыльна чыстай і пустой прадуктовай крамы, гераіні серыі “Праграма перадач”. Яе сын з’ехаў нібы на вайсковыя вучэнні, а затым пад грукат кананады перастаў падымаць тэлефон. І цяпер усе — ад працадаўцаў да вядучай прапагандысцкага шоў, спрабуюць запэўніць жанчыну, што яе сын нікуды не знікаў, бо яго і не было. А краіна насамрэч не знаходзіцца ў стане вайны – усё гэта выдумкі ворагаў.

У пэўны момант усё пабачанае пачынае нагадваць адзін са згубленых сезонаў “Чорнага люстэрка”. З той толькі розніцай, што ў беларускіх стваральнікаў было непараўнальна менш магчымасцяў і досведу, каб зрабіць з проста ўдалага серыяла сапраўдны хіт. Але проста як забаўляльнае шоў, неабцяжаранае дадатковымі сэнсамі, “Працэсы” працуюць добра. Нават для гледачоў, не знаёмых з Беларуссю і нюансамі яе палітычнага крызісу. Калі гэта не сіла сапраўды ўніверсальнага мастацтва, то што тады?

Адзінае шкада, што другога сезону праз фінансавыя і адміністратыўныя праблемы “Белсату” мы цяпер наўрад ці дачакаемся. Хаця можа Кашперскаму і Зую нечакана пашанцуе — і мы зноў вернемся ў прывідную рэспубліку, дзе чорная камера з чырвонай лямпачкай сочыць за ўсімі. 

Адзнака Еўрарадыё: 7 з 10

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.