Стала вядомая прычына смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага — СМІ

Андрэй Паднябенны

Андрэй Паднябенны / фота з яго сацсетак

Прычынай смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага стала ўдушша. Мужчыну пахавалі некалькі дзён таму. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы, абазнаныя ў сітуацыі. Іншыя акалічнасці смерці пакуль невядомыя.

Пра смерць Андрэя Паднябеннага ў магілёўскай ПК-15 стала вядома з допісу яго маці ў сацсетках 8 верасня. Паводле яе інфармацыі, Андрэй памёр 3 верасня. У яго засталася жонка і малыя дочкі.

Афіцыйных каментароў наконт смерці палітвязня няма.

Андрэя Паднябеннага затрымалі ў лістападзе 2021 году і асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму інкрымінавалі падпал машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў 39 тралейбусаў, стварэнне і адміністраванне тг-канала і тг-чата, якія прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама падпал будаўнічага крана ў 2019 годзе. Суд быў закрытым, палітвязня ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў", які складае КДБ.

У студзені 2023-га Паднябеннага судзілі яшчэ раз і дадалі 1 год і 8 месяцаў калоніі. Яго абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "абразе Лукашэнкі", "абразе чыноўніка" і "распальванні сацыяльнай варожасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.