Рэцэнзія на фільм “Мара”. Усепераможны жах

Кадры з фільма "Мара" / @rubanau_collage
У беларускай рэвалюцыі 2020 года шмат абліччаў. Удзельнікі бачаць яе пераважна як справядлівую і непазбежную падзею. Шчырую барацьбу новага са старым. Укаранёнага зла з непераможным дабром. Тыя, хто знаходзяцца па іншы бок барыкад, звычайна кіруюцца прапагандысцкай канспіралогіяй — ўсё прададзена, а незадаволенымі людзьмі кіруюць заходнія лялькаводы.
Гэтыя спачатку непрымірымыя, а цяпер цалкам радыкальныя пазіцыі ствараюць шчыльную чорна-белую прастору, у якой губляюцца адценні іншых меркаванняў. Галасоў, для якіх усё перажытае — не перамога і не параза, а нешта зусім супрацьлеглае. Напрыклад, пачуцце пранізлівага жаху і вялікага расчаравання.
Менавіта такія моцныя эмоцыі становяцца творчым ядром “Мары” — бадай, самага нетыповага і вынаходніцкага дакументальнага фільма пра постэлектаральныя пратэсты 2020 года.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты праект у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.
Аўтаркай фільма стала рэжысёрка і фатографка з Віцебску Аляксандра Кулак, якая раней працавала пераважна з камерцыйнымі і мастацкімі праектамі ў Расіі, краінах ЕС і ЗША. “Мара” стала яе першай вялікай працай, прысвечанай родным мясцінам. І гэта асабістае стаўленне да матэрыялу адразу адчуваецца на экране.
“Давай паклічам Чырвоную каралеву”, — чуецца дзіцячы голас недзе за кадрам. Невядомая дзяўчына ў чырвонай масцы і бясконца доўгай кумачавай накідцы размаўляе ў двары з мясцовымі дапытлівымі дзецьмі. На пытанне “Хто ў вас тут галоўны?”, адзін хлопчык не задумваючыся выпальвае: “Вядома хто — Лукашэнка”.
У наступнай сцэне дзяўчына ўжо ў белай масцы і высокай папяровай кароне ідзе з іншымі мінчукамі па адной з мінскіх вуліц. Дэталі маскараду ў пэўны момант прыходзіцца зняць — у іх складана бегчы ад АМАПу, якога у горадзе проста кішма кішыць.
Трэба адразу прыгатавацца — звычайны сюжэт у “Мары” адсутнічае. Аўтарка адмаўляецца ад класічнага лінейнага аповеду — што і адкуль пачалося і да чаго прывяло. Грамадска-палітычны кантэкст тут прысутнічае і займае важнае месца, але не з’яўляецца самамэтай. Ён хутчэй задае патрэбны тон, ствараючы змрочную атмасферу.
“Я не ведаю, што трэба зрабіць з гэтым народам, каб прымусіць яго зноў стаць быдлам. Няма ў іх іншых варыянтаў”, — разважае адна з удзельніц мірнай акцыі на плошчы Якуба Коласа. Яе спадзевы на незваротнасць падзей разаб’юцца ўшчэнт, калі ў наступнай сцэне падрыхтаваныя хлопцы ў масках і без апазнвальных знакаў будуць пакаваць усіх без разбору у прыпаркаваныя ля бардзюру мінівэны. Страх перад гвалтам здольны дэмаралізаваць людзей, якія знайшлі ў сабе смеласць выйсці на вуліцы.
З паступовай паразы пратэстаў Кулак выбудоўвае страшную казку ў духу сярэднявечнага міфа, пра тое, як калектыўная мара беларусаў да лепшага сутыкнулася з чорнай сцяной непаразумення улады, якую ў стужцы ўвасаблюяць сілавікі.
Фальклорныя матывы і фантасмагарычны флёр тут служаць элементам счэплівання эклектычнай гісторыі ў адзінае цэлае.

Галоўная гераіня змяняе ідэнтычнасці, пераходзячы ад вобразу славянскай багіні Мары, якая прыносіць з сабой жахі і трывогу, да звычайнай дзяўчыны, простай гараджанкі, якую пужае цалкам рэальная перспектыва трапіць у турму, прайсці праз катаванні. Так жа і фільм кожны раз змяняе сваё аблічча, пераходзячы ад палітычна афарбаванага відэа-арту да дакументальнага эсе пра пражыванні ўдзелу ў мірных маршах. А эсе ў сваю чаргу становіцца дакументальным рэпартажам з цэнтра супрацьстаяння грамадства і ўлады.
У стварэнні жахлівага міфу пра 2020-ты для Кулак неабходным элементам становіцца сутыкненне мужчынскага і жаночага. Нездарма тут у кадр трапляюць пераважна жанчыны, якія бездапаможна спрабуюць супрацьстаяць апранутым у чорную уніформу амапаўцам. Гэты паядынак асуджаны на незваротную паразу. А яе напамінам пра яе становяцца тытры з поўным спісам палітвязняў, якія гранітнай плітой ціснуць на цябе з экрана.
Параза рэвалюцыі ў “Мары” ператвараецца ў страшны сон, абудзіцца ад якога складана, калі ўвогуле магчыма.
Адзнака Еўрарадыё: 6 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.