Па памілаванні вызвалілі гісторыка Ігара Мельнікава

Ігар Мельнікаў на судзе / sb.by
Па памілаванні на волю выйшаў палітвязень, гісторык Ігар Мельнікаў. У верасні 2024 года ён быў асуджаны на чатыры гады калоніі.
Пра вызваленне Мельнікава стала вядома на пачатку верасня 2025-га. Як мяркуюць праваабаронцы "Вясны", ён выйшаў на волю 2 ліпеня па памілаванні, бо прысуджаны яму тэрмін яшчэ не закончыўся.
Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года — адначасова з аблавай на салідарных з палітвязнямі. Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года. За інтэрв'ю ў СМІ гісторыка вінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК).
Ігару Мельнікаву 44 гады. Ён скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук. Яго навуковыя інтарэсы палягаюць у сферы гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і ваеннай гісторыі. Мельнікаў выдаў паўтара дзясятка кніг па гэтай тэме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.