Польшча закрыла мяжу назаўжды ці толькі часова? Ключы — у Лукашэнкі

Ключ ад мяжы ў руках Лукашэнкі

Ключ ад мяжы ў руках Лукашэнкі / bobrlife.by

— Як вы лічыце, Польшча закрыла мяжу назаўжды, ці ўсё ж адкрые яе для звычайных людзей, але працягне трымаць закрытай для грузаў?

На пытанне слухача Еўрарадыё адказвае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

На думку эксперта, аб’явіўшы пра закрыццё мяжы, Польшча пайшла на досыць радыкальны крок. У якой ступені ён быў запланаваны ў кантэксце гэтых вучэнняў — пытанне адкрытае. 

— Магчымасцяў і падставаў для таго, каб пайсці на гэты крок за апошнія пяць і асабліва за апошнія тры гады ў Польшчы хапала. Але раней яна на такія радыкальныя крокі чамусьці не ішла. Пайшла цяпер. І тут узнікае пытанне: гэта сапраўды адказ на гісторыю з затрыманнем у Беларусі “манаха-шпіёна” Гжэгажа Гавела ці з польскага боку ўсё было запланавана раней і Польшча проста чакала добрага моманту, калі гэта можна будзе зрабіць.

Так ці інакш, у гэтай гісторыі нараджаецца зусім новая дынаміка. 9 верасня, калі з’явілася навіна пра закрыццё мяжы, польскія ўлады падкрэслівалі, што гэта мера часовая. Зразумела, што ўсё часовае можа стаць доўгатэрміновым, але рыторыка была такая, што гэта пытанне часу, і калі скончацца вучэнні, усё можа вярнуцца да той сітуацыі, якая была яшчэ некалькі дзён таму.

Цяпер мы бачым новую рэчаіснасць — пайшоў новы крок эскалацыі, звязаны з дронамі, якія заляцелі ў Польшчу, і з той інфармацыяй, што іх частка ўварвалася менавіта з боку Беларусі.

Канешне, ёсць паведамленне ад кіраўніка беларускага генштаба Паўла Муравейкі пра тое, што беларускі бок нібыта дапамагаў палякам збіваць дроны або папярэдзіў палякаў, што будуць прылёты. Але на дадзены момант гэта польскім бокам не пацверджана і застаецца толькі выказваннем Муравейкі.

Так што, калі паглядзець на сітуацыю сёння, пасля ўсяго таго, што ўжо адбылося (а наперадзе яшчэ некалькі дзён вучэнняў і шмат усяго можа адбыцца), мне цяжка сабе ўявіць, што польскі ўрад зробіць выгляд, што нічога не адбылося: вучэнні скончыліся, усё спакойна, ніякіх нападаў не было — мы адкрываем мяжу.

Думаю, што пытанне адкрыцця мяжы будзе звязана з тым, каб беларускі бок пайшоў хоць бы на нейкія кампрамісы. Магчыма, палякі будуць патрабаваць, каб вярнулі ў Польшчу арыштаванага манаха, магчыма — вызвалення палітвязняў ці нейкай часткі палітвязняў, асабліва тых, хто цікавіць Польшчу (таго ж Андрэя Пачобута), магчыма — спынення міграцыйнага крызісу на мяжы.

То бок я думаю, каб мяжу адкрылі, беларускаму боку прыйдзецца пайсці на нейкія крокі. Калі пазіцыя Лукашэнкі будзе безкампраміснай — мне цяжка ўявіць, што мяжа вось раптам адкрыецца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.