Польшча цалкам закрывае мяжу з Беларуссю. Што будзе далей?

На мяжы / Еўрарадыё
Польшча ў ноч з 11 на 12 верасня поўнасцю закрывае мяжу з Беларуссю. Такое рашэнне прыняў 9 верасня ўрад Дональда Туска. Гэта адказ на правядзенне расійска-беларускіх ваенных вучэнняў "Захад-2025", а таксама гісторыю з арыштам па абвінавачанні ў шпіянажы польскага грамадзяніна, манаха Гжэгажа Гавела.
— Пагранпераходы будуць адкрыты толькі тады, — і я гэта падкрэсліваю, — калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сітуацыя больш не ўяўляе ніякай пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян, — каментуе закрыццё мяжы міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервінскі.
Пра тое, як сітуацыя паўплывае на беларускую эканоміку і лёсы беларусаў, гаворым з эканамічнай аглядальніцай Вольгай Лойкай.
— Калі гаворка ідзе пра закрыццё мяжы на час правядзення вучэнняў, гэта не так крытычна для эканомікі, хаця ўсё роўна паніка будзе. Вядома, гэта пакуль не жалезная заслона, але вялікая праблема для перамяшчэння людзей.
Што да грузаперавозак, гэта куды больш сур'ёзны сігнал. Фактычна мы прыйшлі да таго, што прапаноўвалі зрабіць Польшчы ўсялякія несвядомыя асобы, якія лічаць, што трэба ціснуць на Беларусь, перакрываць мяжу і гэтак далей. Тут трэба разумець, што сітуацыя не датычыцца проста ўзаемных паездак паміж Беларуссю і Польшчай і ўзаемных перавозак грузаў.
Размова ідзе пра ўсе асноўныя сухапутныя пастаўкі з Кітая на Еўрасаюз.
Пакуль не зусім зразумела, што менавіта будзе перакрыта, але калі гаворка ідзе пра ўсе чыгуначныя зносіны, то гаворка ідзе і пра сухапутныя пастаўкі з Кітая, якія па чыгунцы ідуць у Еўрасаюз, у парты і гэтак далей.
Зразумела, што гэта для Беларусі сур'ёзная крыніца даходу, але гэта яшчэ і важны пункт у адносінах з Кітаем, таму што Беларусь, як надзейны транзітар — гэта наша фішка, гэта тое, што мы спрабавалі прадаваць.
Цяпер складана сказаць, за каго ў гэтай сітуацыі быў бы Кітай, але ўвогуле прэтэнзіі польскага боку відавочныя. Гэта і вучэнні, і рэальна адвольныя затрыманні грамадзян Польшчы і ўтрыманне іх Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.