Мы кантактуем з МЗС Польшчы — Ціханоўская пра закрыццё мяжы

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская назвала прадказальным крокам закрыццё мяжы з боку Польшчы. Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце, які з'явіўся ў яе сацсетках.
"У той час, калі рэжым дзейнічае як саўдзельнік у вайне Расіі супраць Украіны, суседзі маюць права ўмацоўваць сваю бяспеку", — адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
Разам з тым яна падкрэсліла, што беларускі народ не з'яўляецца пагрозай для сваіх суседзяў і не падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны. Ціханоўская заявіла, што для беларусаў важна захаваць пасажырскае злучэнне з Польшчай, бо гэта сувязь са свабодным светам.
"Мы кантактуем з Міністэрствам замежных справаў Польшчы і бліжэйшым часам даведаемся, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні", — паведаміла яна.
9 верасня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч з чацвярга на пятніцу мяжа з Беларуссю будзе цалкам перакрытая. Ён звязаў гэта з беларуска-расійскімі вайсковымі вучэннямі "Захад-2025" і ростам правакацый супраць Польшчы. У прыватнасці, ён згадаў нядаўняе затрыманне манаха Гжэгажа Павела па абвінавачанні ў шпіянажы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.