Пуцін пераходзіць чырвоныя лініі — Лукашэнка гэта разумее і яму страшна

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / Reuters

Выступ кіраўніка генштаба УС Беларусі Паўла Муравейкі, які з пафасам распавёў, як у Беларусі ратавалі Польшчу, перадаючы інфармацыю пра беспілотнікі — праўда ці чарговы прапагандысцкі закід? Чаго баіцца Лукашэнка, знаходзячыся паміж Захадам і Расіяй, і чаму маўчыць? 

На гэтыя ды іншыя пытанні Еўрарадыё адказвае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

 

Гэта ўсё Пуцін!

— Па-першае, рэжым Беларусі жадае зняць з сябе ўсялякую адказнасць і падкрэсліць, што не мае аніякага дачынення да прылёту дронаў у Польшчу, — каментуе Аляксандр Фрыдман выказванне Паўла Муравейкі. — Па-другое — канешне, гэта прапаганда, маўляў рэжым не толькі не меў да гэтага дачынення, але яшчэ і дапамагаў Польшчы ў барацьбе з дронамі, якія раптам паляцелі на яе тэрыторыю.

І вось яшчэ адзін момант, які мы не будзем выключаць: тое, што адпрацоўвае Муравейка — гэта частка адпаведнага сцэнара аперацыі, якая магчыма была распрацавана ў Расіі. То бок беларускі бок папярэдзілі, што пойдуць дроны і сказалі, як правільна рэагаваць на сітуацыю. Вось так.

Пакуль у нас няма падрабязнасцей наконт гэтай гісторыі, але тое, што абмен інфармацыяй паміж бакамі ідзе нават у сённяшніх умовах — гэта таксама сенсацыяй не з’яўляецца. Такое было і раней.

Лукашэнка адыходзіць у бок?

Тое, што рабіў Лукашэнка ў дачыненні да польскага боку апошнім часам і раней, падаецца мне спробай звярнуць на сябе ўвагу. Прынцып такі: вось глядзіце, мы можам вам зрабіць такое, а маглі б не рабіць — вось вы з намі паразмаўляйце і магчыма мы нейкім чынам дамовімся (асабліва на нашых умовах).

Лукашэнка ідзе ў гэтым напрамку, але яму вельмі цяжка. З аднаго боку — ціск Расіі. Ён велізарны, бо Расія рэалізуе свае планы. Лукашэнка гэта разумее, але таксама ён разумее і тое, што ўсе гэтыя планы-правакацыі з боку Пуціна могуць прывесці да таго, што вайна прыйдзе ў Беларусь. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.