Павел Данэйка: Беларусь вярнулася ў 90-я. Як будзем выпраўляць?

Назад у 90-я

Назад у 90-я / Еўрарадыё

Беларусь вярнулася ў 90-ыя гады, атрымаўшы ўвесь набор праблем, з якімі ёй адзін раз ужо даводзілася спраўляцца. Пра тое, чаму так здарылася і як з гэтым змагацца, дырэктар Beroc Павел Данэйка расказаў у эфіры Еўрарадыё, які ладзіць сумесна з Банкам Ідэй цыкл перадач пра тое, якой будзе Беларусь у 2030 годзе.

 

Токар vs праграміст

Беларусь зараз мае прыкладна 1% росту ВУП, як і расійская эканоміка.

"З пункту гледжання нармальнага звычайнага чалавека, 1% — гэта азначае, што я жыву гэтак жа, як жыў учора. І крызісу няма. Але калі мы бярэм стандарт жыцця, які задаюць самыя развітыя краіны, то ты жывеш у адносінах да іх з кожным годам горш, горш і горш, але не ўсведамляеш гэтага. Потым гадоў праз 15 раптам — оп! А мы, аказваецца, дрэнна жывем!” — адзначае Павал Данэйка.

Свет памяняўся значна, эпоха машыннай вытворчасці сышла, мы перайшлі ў эпоху інфармацыйнага грамадства. Напрыклад, у ЗША доля прамысловай вытворчасці ў ВУП ужо ўсяго 13%.

"Мы зараз у новай сацыяльнай сістэме. Што такое сацыяльная сістэма? Маркс іх апісваў. У ёй ёсць асноўныя суб'екты. Напрыклад, у машыннай вытворчасці гэта чалавек, які наймае, і токар. А ў сучаснай сістэме — чалавек, які наймае, і праграміст. І ёсць розніца ў падыходзе да найму гэтых людзей. Я ў машыннай вытворчасці наймаю сярэдняга чалавека, а ў IT — генія, таму што ён за тыя ж грошы зробіць лепш. І Біл Гейтс насіўся па ўніверсітэтах, спрабаваў знайсці лепшых.

Таму калі мы задаемся пытаннем, якія краіны будуць самымі эканамічна паспяховымі, то адказ вельмі просты. Тыя, куды пераязджаюць праграмісты і PhDдысты (уладальнікі навуковай ступені доктара, якая прысвойваецца пасля абароны дысертацыі, якая прадстаўляе арыгінальнае даследаванне, гэта вышэйшая акадэмічная ступень у ЗША, ЕС і многіх іншых краінах)".

Эліту — у расход, краіну — у тупік

Цяпер вяртаемся да нашай краіны.

“Калі вы высякаеце лідэраў інтэлектуальных, то мы будзем заставацца ў прамысловай вытворчасці, і ўвесь час будзем думаць, як зрабіць таннейшым свой трактар. Праграмісты рухаюць нас да таго, што на вытворчасці не патрэбны будуць людзі. На сучасным прадпрыемстве будзе два суб'екты, толькі сабака і чалавек. Сабака будзе ахоўваць вытворчасць, каб чалавек туды не ўлез. А знішчэнне эліты — гэта фармаванне шляху ў тупік", — кажа эксперт.

І Беларусь ідзе ў гэты тупік цалкам свядома, у прыватнасці, трацячы мінімум (каля 0,5 працэнта ВУП) на навуку.

Цяпер сапраўды крутыя спецыялісты ў ІТ з Беларусі з'язджаюць і будуць з'яжджаць, упэўнены Павел Данэйка. Фактычна праца IT-сектара вярнулася да дапаркаўскай сітуацыі. І спробы расказаць, што колькасць айцішнікаў у нас расце, што побач ёсць буйны расійскі рынак — зусім бездапаможныя.

"Уласна, расійскі рынак — небуйны. Адной з праблем расійскіх айцішнікаў было тое, што яны арыентаваліся на свой рынак. Поспех беларусаў быў у тым, што ў нас маленькі рынак, і ўсе арыентаваліся на ЗША, на Еўропу і гэтак далей. Цяпер, напэўна, нейкія нішы можна заняць у Расіі, але гэта тупіковае."

 

Прыватная праблема

Важнай тэзай Паўла Данэйкі было тое, што ў Беларусі больш за 50% ВУП стваралася прыватным сектарам. І гэта калі казаць пра ўвесь ВУП. А калі параўноўваць з дзяржаўнай камерцыйнай часткай, то там генеруецца толькі 30% ВУП, удакладняе ён. Гэта значыць, на сёння камерцыйная частка ВУП генеруецца менавіта прыватным сектарам.

"Пры гэтым сітуацыя для яго блізкая да стану 90-ых гадоў. Ёсць сілавыя структуры, якія дояць бізнэс, карупцыя на сярэднім узроўні вяртаецца, ідзе фармаванне паўалігархічных або алігархічных структур. Гэта значыць тое, з чым Лукашэнка змагаўся і перамог, зноў вяртаецца ў краіну. І так працягвацца доўга не можа".

"Калі ты хочаш геніяў пакідаць у краіне, то яны павінны сябе камфортна адчуваць, а не чакаць, што ў любы момант скажуць, што ты экстрэміст, ці проста нешта няправільна сказаў пра Лукашэнку ці пра кагосьці яшчэ", — падкрэслівае Павел Данэйка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.