Лукашэнка зацвердзіў прагноз інфляцыі на 2026 год

Інфляцыя, ілюстрацыйнае фота

Інфляцыя, ілюстрацыйнае фота

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў прагнозныя параметры развіцця і мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год.

Згодна з дзяржаўнымі прагнозамі ў наступным годзе ў Беларусі чакаецца рост ВУП на 2,8%. Гэты рост, як кажуць у прэс-службе Лукашэнкі, павінен быць забяспечаны за кошт нарошчвання інвестыцый у асноўны капітал, росту экспарту тавараў і паслуг і "стымулюючага росту даходаў насельніцтва". Таксама плануецца, што экспарт тавараў і паслуг налета павялічыцца на 3,7%, а рост даходаў насельніцтва складзе 4,8%.

Прагноз на 2025 год вызначаў рост ВУП на 4,1%. Аднак па выніках дзевяці месяцаў года рост склаў толькі 1,6%.

Інфляцыя ў 2026 годзе не павінна перавысіць 7%. Дарэчы, на гэты год улады прагназавалі інфляцыю ў 5%, але нядаўна прызналіся, што вытрымаць такі паказчык не ўдаецца — яна да кастрычніка склала ўжо 7%.

Золатавалютныя рэзервы па выніках 2026 года павінны скласці не менш за 9,2 млрд долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.