Беларусы сталі менш траціць на ежу
Але больш — на тавары / pixabay.com
У трэцім квартале 2025 года рэсурсы сям’і ў сярэднім па Беларусі выраслі да 2 915,6 рубля ў месяц, што на 4,5 % вышэй за паказчыкі другога квартала, паведамляе Белстат.
Пры гэтым найбольш значны прырост даходаў зафіксаваны ў сельскай мясцовасці — плюс 7,4 %, там бюджэт гаспадаркі склаў 2 536,6 рубля.
Але ў гарадах даходы ў беларусаў вышэйшыя — 3 032,9 рубля (+3,7 %).
Узровень сярэднедушавых рэсурсаў ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму быў у 3,4 % насельніцтва. У вёсцы гэты паказчык амаль удвая вышэйшы (5,6 %), чым у гарадах (2,7 %).
Найменшы адсотак малазабяспечаных грамадзян зарэгістраваны ў Мінску (1,1 %), а найбольшы — у Магілёўскай вобласці (5,1 %).
Доля выдаткаў на харчаванне ў трэцім квартале крыху знізілася, склаўшы 37,2 % ад агульных спажывецкіх расходаў (1 907,2 рубля). Адначасова ўзрос удзельны паказчык выдаткаў на непрадуктовыя тавары (35,9 %) і аплату паслуг (24,7 %).