Стала вядома пра смерць палітвязня ў магілёўскай калоніі

Андрэй Паднябенны
У магілёўскай папраўчай калоніі №15 памёр палітвязень Андрэй Паднябенны. Пра гэта ў Фэйсбуку напісала яго маці.
"Не веру! Дарагія мае! 3 верасня не стала майго любімага сыночка!
Мая крывіначка, мая бусечка адбываў непамернае пакаранне ў Магілёве, ПК-15. Нейкая сволач пазбавіла яго волі, а далей і жыцця... Сыходзяць лепшыя. Мае залатыя ўнучачкі засталіся без бацькі. Радуе адно: што больш ніхто не зможа ні фізічна, ні псіхалагічна здзекавацца з майго сына. Я веру, што кара Божая дагоніць вінаватага і ні адно злачынства не застанецца беспакараным", — напісала Валянціна Паднябенная.
Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі пакуль няма.
36-гадовы гамяльчук Андрэй Паднябенны атрымаў велізарны тэрмін пазбаўлення волі: паводле палітычных артыкулаў яму прысудзілі 16 гадоў і 8 месяцаў. Мужчыну затрымалі ў 2021 годзе за падпал машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала і тэлеграм-чата, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама падпал крана на будоўлі ў 2019 годзе.
Мужчыну ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў", што азначае пазбаўленне перадач і грашовых пераводаў. У ліпені 2022 года праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У магілёўскай ПК-15 у кастрычніку 2024 года памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.