Малаверагодна, але шматабяцальна. Амерыканіст пра візіт Келага ў Беларусь

Кіт Келаг і Аляксандр Лукашэнка (справа) / euroradio.fm
Прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіт Келаг можа наведаць Беларусь і сустрэцца з Лукашэнкам, паведамляе Reuters. Ні Белы дом, ні Дзярждэпартамэнт не каментавалі гэтую інфармацыю. Пра магчымасць такога візіту і яго наступствы ў рубрыцы "Меркаванне" піша амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.
***
Навіны аб магчымым візіце Кіта Келага ў Беларусь пакуль выглядаюць малаверагоднымі, але шматабяцальнымі. Наўмысныя слівы або ўцечкі інфармацыі на стадыі абмеркавання падобных планаў, як правіла, не гарантуюць іх рэалізацыю, яны толькі паказваюць на тое, што такі варыянт разглядаецца. Гэта можа быць інструментам зандажу рэакцыі зацікаўленых бакоў.
Зацікаўленасць Лукашэнкі ў кантактах з ЗША відавочная, ён публічна артыкуляваў сваю цікавасць на сустрэчы са старэйшым беларускім дыпламатам у ЗША Валянцінам Рыбаковым.
Аднак нават абмеркаванне візіту Келага ў Мінск — гэта ўжо красамоўны сігнал. Ён паказвае на патэнцыйную зацікаўленасць Вашынгтона ў прамых, высокаўзроўневых кантактах з афіцыйным Мінскам, без пасярэднікаў і публічна. Такі крок спалучаны са значнымі рызыкамі, паколькі перапыняе амаль пяцігадовую стратэгію ізаляцыі афіцыйнага Мінска. Зрэшты, такая лінія нагадвае пра падыход першай адміністрацыі Трампа ў 2017-2020 гадах, калі Беларусь успрымалася як асобны замежнапалітычны кірунак, а не выключна праз прызму Расіі ці Украіны.

Кантэкст апошняга паўгода ўзмацняе важнасць такога сігналу. Намаганні дыпламатаў знешнепалітычнага ведамства ЗША на чале з намеснікам памочніка дзяржсакратара Крыстаферам Смітам ужо дазволілі дамагчыся значнага выніку — вызваліць з месцаў зняволення ў Беларусі адразу некалькі чалавек, як грамадзян ЗША, так і грамадзян Беларусі. У сваю чаргу, рэжым Лукашэнкі асцярожна прадэманстраваў гатоўнасць да малых крокаў па ўсталяванні даверу, пры гэтым імкнучыся выкарыстоўваць сам факт дыялогу як пацверджанне самастойнай палітыкі і легітымізацыі сябе на міжнароднай арэне.
На гэтым фоне магчымы візіт Келага можа стаць не пачаткам дыялогу, а працягам працэсаў, якія ўжо ідуць – спробай пратэставаць альтэрнатыўную форму ўзаемадзеяння з рэжымам Лукашэнкі, паралельна з уцягнутасцю дэмакратычных сіл у стратэгічны дыялог з ЗША. Калі візіт адбудзецца, ён можа апынуцца як часткай больш шырокай гульні на абвастрэнне, так і выпрабавальным каменем для будучых фарматаў перамоваў. У любым выпадку гэта стварае кропку ўваходу для пераасэнсавання ролі Беларусі ў амерыканскай палітыцы рэгіёну.
Акрамя таго, уцечка інфармацыі аб планаваным візіце зноў актуалізуе ўвесь комплекс пытанняў па Беларусі. Гэта можа быць выкарыстана як падстава казаць не толькі пра кантакты з рэжымам Лукашэнкі, але і пра сітуацыю з палітвязнямі, рэпрэсіямі, нацыянальнай бяспекай і будучыняй краіны. Для дэмакратычных сіл гэта акно магчымасцяў для напамінку пра свой парадак дня і выбудоўванне працы з новай адміністрацыяй ЗША.
Трэба разумець, што паездкі такога ўзроўню патрабуюць месяцаў падрыхтоўкі, узгадненняў не толькі на палітычным, але і на тэхнічным узроўні. Цяпер у Мінску адсутнічае інфраструктура амбасады ЗША, якая працуе і здольная забяспечыць такі візіт.
Нават пры наяўнасці палітычнай волі, гэта накладвае сур'ёзныя абмежаванні – перш за ўсё з боку Службы дыпламатычнай бяспекі Дзярждэпартамента, якая ацэньвае рызыкі і вызначае дапушчальныя фарматы паездак.
Важна таксама ўлічваць персанальны кантэкст. Кіт Келог – прадстаўнік знешнепалітычнага круга Трампа, блізкі да лініі "America First", з упорам на стратэгічныя інтарэсы і здзелачны падыход. Ягоны магчымы візіт – гэта дакладна не праява сімпатыі да рэжыму Лукашэнкі, а тэст гіпотэзы: ці можна ізалявана дамовіцца пра нешта важнае з Мінскам, абыходзячы больш шырокія геапалітычныя рамкі. І гэта не абавязкова дрэнная навіна – калі беларускі парадак зноў пачне гучаць у калідорах Вашынгтона, гэта шанец, якім важна ўмець скарыстацца.
Гэты тэкст – меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце на [email protected] з пазнакай "Меркаванне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.