Вынеслі прысуд беларусу, абвінавачанаму ў падрыве цягнікоў на БАМе

Сяргей Ерамееў

Сяргей Ерамееў / tass.ru

22 гады пазбаўлення волі прысудзілі беларусу Сяргею Ерамееву, абвінавачанаму ў тэрактах, якія адбыліся 29 і 30 лістапада 2023 года на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ). Пра гэта паведамляе 2-і Усходні акруговы вайсковы суд Расіі.

Прысуд быў вынесены 18 снежня. Беларуса абвінавацілі ва ўдзеле ў тэрарыстычнай супольнасці, здзяйсненні тэрарыстычных актаў, праходжанні навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, незаконнай кантрабандзе выбуховых прылад і іх захоўванні.

Як гаворыцца ў паведамленні суда, у кастрычніку 2023-га Ерамееў на тэрыторыі Беларусі праз месенджары кантактаваў з нявызначанай асобай, ад якой атрымаў заданне правесці тэракт. Ён забраў выбуховае прыстасаванне з тайніка на тэрыторыі Беларусі, на сваім аўто перавёз у Расію і ўсталяваў выбухоўку на чыгунцы.

"Выканаўшы адведзеную яму злачынную ролю ўдзельніка тэрарыстычнай супольнасці і выканаўцы тэрарыстычнага акту, Ерамееў з месца здзяйснення злачынства ўцёк, а выбуховыя прыстасаванні, якія засталіся, схаваў у лясным масіве і захоўваў аж да моманту іх выяўлення падчас правядзення следчых дзеянняў супрацоўнікамі праваахоўных органаў", — гаворыцца ў прысудзе.

Шкоду ад выбуху суд ацаніў на суму больш за 100 000 000 расійскіх рублёў (1,2 млн долараў).

Згодна з прысудам, першыя пяць гадоў Ерамееў павінен будзе правесці ў турме, а астатні тэрмін пакарання — у папраўчай калоніі строгага рэжыму. Яму прысудзілі штраф 1 мільён расійскіх рублёў. Таксама суд пастанавіў задаволіць грамадзянскія пазовы пацярпелых: Ерамееў павінен кампенсаваць ім 60 мільёнаў расійскіх рублёў (744 тысячы долараў).

Ерамееў — былы супрацоўнік наваполацкага "Нафтана". У 2020-м ён удзельнічаў у пратэстах. Пасля звальнення паехаў у Расію, там працаваў індывідуальным прадпрымальнікам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.