Польскі генерал: Дыверсій з боку беларускіх і расійскіх спецслужбаў стане больш

Генерал Павел Бяляўны

Генерал Павел Бяляўны / Gazeta Wyborcza

Сабатаж і дыверсіі з боку беларускіх і расійскіх спецслужб у Польшчы будуць пашырацца. Такое меркаванне ў размове з Gazeta Wyborcza выказаў генерал Павел Бяляўны.

"Расійскае войска мае праблемы, ужо больш за тры гады не можа выйграць вайну. Але іх спецслужбы ніколі не апускаліся ніжэй за пэўны ўзровень і вельмі эфектыўныя. Яны маюць інстытуцыйную памяць, яны вельмі добра ведаюць нашу тэрыторыю і нас. Мы знаходзімся на прыцэле расійскіх службаў амаль у кожнай сферы", — кажа Бяляўны.

Па словах генерала, грошы, якія трацяцца на армію, мусяць таксама накіроўвацца на ўнутраную бяспеку краіны і службы, адказныя за бяспеку грамадзян:

"У Польшчу пранікла столькі людзей, якія ніколі не павінны былі ўехаць, або, прынамсі, павінны былі быць пад наглядам. Вынікі нядбайнасці або недасведчанасці службаў мы будзем адчуваць яшчэ доўга. Расейцы рыхтаваліся не толькі да нападу на Украіну, але і да выкарыстання нашага браку падрыхтаванасці. Наша мяжа і дамы былі адкрытыя для ўсіх, у тым ліку для расейскіх шпіёнаў".

Нядаўна ў Польшчы была затрымана шлюбная пара, якая атрымала прытулак праз сваю нібыта апазіцыйную дзейнасць у Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.