Балгарыя гатовая ўвесці візавыя абмежаванні для грамадзянаў Беларусі
Віза, ілюстрацыйнае фота / "Зеркало"
Балгарыя выконвае рашэнне Еўракамісіі па спыненні выдачы грамадзянам Расіі шматразовых шэнгенскіх віз. Але ў дадатак краіна гатовая абмеркаваць з партнёрам па ЕС такія ж абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі.
"Балгарыя ў святле рашэння Еўрапейскай камісіі аб спыненні выдачы шматразовых візаў грамадзянам Расійскай Федэрацыі гатовая абмеркаваць з іншымі дзяржавамі-чальцамі Еўрапейскага саюза аналагічныя захады для грамадзянаў Беларусі, улічваючы, што Беларусь з'яўляецца адным з найбліжэйшых саюзнікаў Расіі", — перадае "Вот так" словы прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Балгарыі.
Напярэдадні ў СМІ з'явіўся каментар неназванага высокапастаўленага чыноўніка ў Бруселі, які заявіў, што ЕС у цяперашні час не плануе скасоўваць шматразовыя шэнгенскія візы для беларусаў. Аднак ён прызнаў, што дыскусія па гэтым пытанні пастаянна працягваецца.
Згодна з рашэннем Еўракамісіі, з 10 лістапада расіяне могуць атрымаць толькі аднаразовыя шэнгенскія візы з кароткім тэрмінам дзеяння.
Балгарыя пачала выдаваць шэнгенскія візы толькі ў сярэдзіне 2024 года, а канчаткова далучылася да Шэнгенскай зоны толькі 1 студзеня 2025-га. У Беларусі Балгарыя выдае візы з дапамогай візавага цэнтра "VFS Global".