Хто стаіць за жорсткім пакараннем за расісцкае выказванне ў гульні Вышэйшай лігі
Міністр спорту “замуціў” скандал? / sb.by
За жорсткім пакараннем "Віцебска" і яго футбаліста Валерыя Гарбачыка, які дазволіў сабе расісцкае выказванне ў адрас чарнаскурага гульца "Смаргоні", можа стаяць сам міністр спорту Сяргей Кавальчук. Паводле інфармацыі крыніц "Трыбуны", інцыдэнт стаў толькі падставай для чарговага абвастрэння напружаных адносін паміж кіраўніком "Віцебска" Мікалаем Вайцюхоўскім і міністрам спорту Беларусі.
Разборкі ў беларускім футболе
Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што асабістая непрыязнасць Кавальчука да Вайцюхоўскага ўзнікла яшчэ ў 2022 годзе. Тады Вайцюхоўскі на профільных нарадах крытыкаваў умяшанне міністра ў футбольныя пытанні: абмежаванні па заробках, ліміты на маладых гульцоў, забарону на замежныя зборы. Гэтыя заявы выклікалі незадаволенасць у Кавальчука, але ягоная спроба паўплываць на непрацяг кантракта кіраўніка клуба тады не мела поспеху.
У маі 2022 года намеснікам старшыні аблвыканкама стаў Вячаслаў Дурноў, які раней працаваў намеснікам Кавальчука. Паводле звестак крыніц "Трыбуны", ён таксама робіць крокі, што ўскладняюць працу Вайцюхоўскага.
Новая стадыя супрацьстаяння наступіла вясной 2024 года, калі АБФФ і Міністэрства спорту спрачаліся пра фармат правядзення спаборніцтваў у Другой лізе. Вайцюхоўскі падтрымаў пазіцыю федэрацыі, накіраваўшы туды афіцыйны ліст.
Пазней Кавальчук узмацніў свае пазіцыі, дамогшыся прызначэння лаяльнага яму кіраўніка федэрацыі — Яўгенія Булойчыка. Пасля гэтага на пасяджэннях выканкама рэгулярна гучалі заявы пра неабходнасць замяніць дырэктара "Віцебска".
У канцы 2024 года Вайцюхоўскі ўтрымаўся ў крэсле толькі пасля таго, як клуб пагадзіўся адпусціць у мінскае "Дынама" нападніка Карэна Варданяна на ўмовах, выгодных сталічнаму клубу.
Паводле суразмоўцаў "Трыбуны", Кавальчук таксама негатыўна ўспрымае кантакты Вайцюхоўскага з былымі і дзейнымі футбольнымі функцыянерамі Мікалаем Шарснёвым і Юрыем Вергейчыкам, з якімі ў міністра складанныя адносіны.
Дадатковая падстава для ціску ўзнікла пасля матчу 26-га тура, калі фанаты "Віцебска" выкарысталі піратэхніку і выкрыквалі жорсткія лозунгі. Пасля гэтага, паводле звестак выдання, Кавальчук звярнуўся ў сілавыя структуры і АБФФ з патрабаваннем уважліва разабрацца ў сітуацыі. Клуб у выніку атрымаў штрафы на суму 8 400 рублёў.