Мінск патрабуе сустрэчы на ўзроўні МЗС, каб выпусціць фуры — Linava

На беларуска-літоўскай мяжы

На беларуска-літоўскай мяжы / LRT

Рэжым Лукашэнкі не выпускае літоўскія фуры са сваёй тэрыторыі, патрабуе сустрэчы прадстаўнікоў МЗС Літвы і Беларусі.

"Мне паступіла інфармацыя, што беларускі бок патрабуе сустрэчы, кансультацый на ўзроўні МЗС. У мяне ёсць копія ліста з просьбай аб кансультацыях на ўзроўні МЗС", перадае LRT словы прэзідэнта Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландаса Мікенаса. Пры гэтым перавозчыкі з Узбекістана пераязджаюць праз мяжу.

"На маю думку, гэта рэкет", — дадае ён.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч пакуль не мае інфармацыі пра такія патрабаванні афіцыйнага Мінска. Таксама ён кажа, што мінскі бок не патлумачыў, чаму не выпускае грузавікі: "Яны, наколькі я чуў, спасылаюцца на парушэнні працэдур, звязаных з закрыццём і адкрыццём".

Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) Гедрус Мішуціс а 16-й гадзіне сказаў журналістам, што літоўскія фуры не вярнуліся на радзіму: "Гадзіну таму яшчэ ніводзін літоўскі грузавік не заехаў". Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што адбываецца на беларускім баку, у памежнікаў няма.

Генсакратар міжнароднага транспартна-лагістычнага альянсу (TTLA) Павілас Дрыжас сцвярджае, што афіцыйны Мінск усё яшчэ вырашае, як выпускаць літоўскі транспарт са стаянак і дазволіць яму праезд праз тэрыторыю Беларусі.

Беларуска-літоўская мяжа была закрытая тры тыдні і адкрылася толькі ў ноч на 20 лістапада. Рэжым Лукашэнкі ў адказ забараніў фурам з літоўскімі нумарамі пакідаць краіну праз які-небудзь іншы ўчастак мяжы. Іх перамясцілі на спецыяльныя стаянкі з аплатай 120 еўра за дзень. Паводле падлікаў літоўскіх перавозчыкаў, гаворка ішла прыкладна пра 5000 фураў і паўпрычэпаў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.