Дзяржава ўжо не цягне: чаму беларусам прыйшлі цяжэйшыя "жыроўкі"
Праблема — у карупцыі і неэфектыўным кіраванні / Скриншот видео
У кастрычніку беларусы пачалі атрымліваць квітанцыі за аплату ЖКП, сумы ў якіх выклікалі шок. Напрыклад, жанчыне ў Полацку налічылі 349,47 рубля за кватэру ў 63 квадратныя метры. Чаму "жыроўкі" так раптоўна пацяжэлі? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказала Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання.
— Наколькі я разумею, цяперашняе павелічэнне сум у жыроўках звязана найперш з тым, што з 1 кастрычніка ўступіла ў сілу новае заканадаўства адносна людзей, не занятых у эканоміцы. Змяніліся правілы разліку.
Калі раней, умоўна, у кватэры было прапісана чатыры чалавекі, і ўладальнік кватэры адносіўся да катэгорыі "дармаедаў", то налічэнні дзяліліся прапарцыйна: яго частка лічылася па поўнай, а долі астатніх — з улікам субсідый.
Цяпер правілы змянілі: поўны аб’ём камунальных паслуг налічваецца на ўсю кватэру — цалкам, — распавядае экспертка.
На такі крок дзяржава пайшла таму, што ў бюджэце ўсё менш грошай на камунальныя службы, а тыя, што выдзяляюцца, выкарыстоўваюцца неэфектыўна, сцвярджае Рыжычэнка.
— Камунальныя службы перастаюць фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту. Штогод бюджэтнае фінансаванне скарачаецца. Паралельна ўлады дзесяцігоддзямі фактычна кралі грошы, выдзеленыя на капітальныя рамонты.
Чаму яны так паслядоўна выступаюць супраць таварыстваў уласнікаў? Таму што пры дзяржаўнай манаполіі можна ўводзіць любыя незразумелыя тарыфы, любыя формулы, патрабаваць з людзей грошы, ніяк не тлумачачы разлікі. А калі працуюць прыватныя структуры кшталту таварыстваў уласнікаў, то людзі заключаюць дамовы наўпрост — з электрасеткамі, з іншымі пастаўшчыкамі. Грошы абмінаюць ЖКГ, і сістэма перастае карміць тых, хто на ёй сядзіць.
Праблема — у карупцыі і неэфектыўным кіраванні. Гадамі збіралі грошы з людзей, а па факце іх няма: іх укралі, растрацілі, выкарыстоўвалі бессістэмна, — падкрэслівае Аліса.