Праваслаўныя святары просяць знізіць плату за ацяпленне храмаў
Святары на прыёме ў Кацярыны Зянкевіч / Жлобінскае благачынне
Знізіць плату за ацяпленне храмаў — з такой просьбай прыйшлі святары Жлобінскага раёна на прыём да старшыні абласнога Савета дэпутатаў, чальца Савета Рэспублікі Кацярыны Зянкевіч.
Яны папрасілі на абласным узроўні разгледзець пытанне пра зніжэнне тарыфу на цеплазабеспячэнне помнікаў архітэктуры — храмах Пірэвіцкага Усіх Святых і Стрэшынскага Свята-Пакроўскага, заўважыла выданне "Флагшток". Кіраўніца аблсавета нічога канкрэтнага святарам не адказала, заявіўшы, што "гэтае пытанне патрабуе дадатковага разгляду сумесна з адпаведнымі службамі на ўзроўні вобласці". Аднак яна паабяцала "ўзяць яго пад асабісты кантроль".
Храмы ў Пірэвічах і Стрэшыне даволі буйныя, а вернікаў там, мабыць, няшмат, таму ахвяраванняў на аплату ацяплення недастаткова.
Дарэчы, з 1 кастрычніка ўлады значна павысілі тарыфы на аплату жыллёва-камунальных паслуг, асабліва цеплазабеспячэння, для так званых "асоб, незанятых у эканоміцы".