Пры паліцэйскай аперацыі ў Польшчы затрымалі 1725 чалавек, у тым ліку беларусаў
Паліцэйская аперацыя ў Польшчы / Паліцыя Польшчы
17 і 18 лістапада ў Польшчы адбылася агульнанацыянальная паліцэйская аперацыя. Падчас яе было затрымана 1725 чалавек, якіх шукалі на падставе ордараў на арышт і прадпісанняў аб прыводзе, выдадзеных судамі і пракуратурамі.
У аперацыі былі задзейнічаныя 26 117 супрацоўнікаў паліцыі, адзначае policja.pl. Яны затрымалі грамадзян Польшчы і 158 замежнікаў. 146 замежнікаў з гэтага пераліку шукалі польскія праваахоўныя органы і судовыя структур. Гэта 91 грамадзянін Украіны, 13 — Грузіі, 7 — Беларусі і 35 — з іншых краін.
Таксама паліцыянты затрымалі 12 чалавек, абвешчаных у вышук паводле еўрапейскіх ордараў на арышт і "чырвоных апавяшчэнняў" Інтэрпала. Акрамя таго былі затрыманыя 93 чалавекі, якія перабывалі ў Польшчы нелегальна.
"Былі затрыманыя асобы, якія адшукваюцца, у прыватнасці, за згвалтаванне, злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, удзел у арганізаванай злачыннай групе, а таксама за ўвядзенне ў абарот значных аб'ёмаў наркатычных і псіхаактыўных рэчываў. Сярод затрыманых апынуўся грамадзянін Італіі, які адшукваецца за захоўванне буйных партый наркотыкаў — марыхуаны, гашышу, какаіну, мефедрону, экстазі і MDPV. Гэты чалавек у мінулым хаваўся ў Калумбіі і Чылі, быў вядомы ў асяроддзі італьянскіх футбольных хуліганаў і меў 15-гадовую забарону на наведванне стадыёнаў у Італіі", — дзеляцца падрабязнасцямі ў паліцыі.
Сёлета гэта ўжо трэцяя такая аперацыя польскай паліцыі. Папярэднія прайшлі ў лютым і чэрвені. Агулам было затрымана 4766 чалавек, уключаючы 515 замежнікаў.