Літоўскія фуры пакуль не могуць выехаць з Беларусі
Фуры, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Фуры з літоўскімі нумарамі па-ранейшаму не могуць выехаць з Беларусі — нават пасля адкрыцця пераходаў на беларуска-літоўскай мяжы. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Алег Тарасаў. Пакуль што праз мяжу едуць легкавыя аўтамабілі, а фуры грузаперавозчыкаў праехаць не могуць, перадае DW.
Як тлумачыць Тарасаў, дзяржпрадпрыемства "Белмытнясэрвіс" яшчэ не атрымала патрэбныя пацвярджэнні ад беларускага ўрада. Як толькі атрымаюць іх, тады пачнуць адпраўляць грузавікі на мяжу.
Пасля закрыцця беларуска-літоўскай мяжы рэжым Лукашэнкі забараніў літоўскім фурам пакідаць краіну цераз іншыя ўчасткі мяжы. Грузавікі і прычэпы адправілі на спецыяльныя пляцоўкі за аплату ў 120 еўра ў дзень.
Прэзідэнт Linava Эрландас Мікенас кажа пра супярэчлівую інфармацыю з мяжы. Паводле яго, некалькі фур нібыта вярнуліся праз пункт пропуску Шальчынінкай, але гэта не пацверджана. У Мядзінінкаі машыны ставяць у новую электронную чаргу. А фуры з Літвы ў Беларусь спыняюцца ўжо на беларускім баку, "таму што ў Беларусі не ведаюць, як афармляць", кажа Мікенас.
Літоўска-беларускі ўчастак мяжы адкрылі ў ноч на чацвер пасля трохтыднёвага закрыцця.