Колькі грамадзян Беларусі прызналі “пагрозай нацбяспекі” у Літве
Вільня
З канца 2022 года Літва прызнала 3103 грамадзян Беларусі “пагрозай нацыянальнай бяспекі”. Гэтымі данымі з Еўрарадыё падзяліўся Дэпартамент міграцыі краіны.
Пачынаючы з канца 2022 года грамадзяне Расіі і Беларусі пры падачы заявак на часовы від на жыхарства або нацыянальную візу ў Літве павінны запаўняць спецыяльную анкету. Такая інфармацыя мае вызначальны ўплыў на рашэнне аб іх знаходжанні ў краіне.
У анкеце беларусы і расіяне мусяць пазначыць сваё стаўленне да расійскай агрэсіі ва Украіне. Расказаць, дзе атрымлівалі адукацыю, працавалі, ці служылі ў войску або мелі кантакты з дзяржаўнымі органамі краін, якія не ўваходзяць у НАТА або ЕС.
— Уся інфармацыя, пазначаная ў анкеце, ацэньваецца спецыялістамі Дэпартамента міграцыі. А таксама за ацэнкамі ў межах іх кампетэнцыі звяртаюцца ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, Дэпартамент паліцыі і Службу аховы дзяржаўнай мяжы.