Дакументы аб смерці беларускі, што знікла ў М'янме, аказаліся падробленымі
Вера Краўцова / Онлайнер
Дакументы аб смерці беларускі Веры Краўцовай ў М'янме аказаліся падробленымі, распавялі выданню "Онлайнер" у МЗС Беларусі.
"Дакументы, раней распаўсюджаныя ў прэсе і перададзеныя сваякам, з'яўляюцца падробленымі, што пацверджана праведзенай афіцыйнай экспертызай", — гаворыцца ў заяве МЗС.
У М'янме працягваецца расследаванне абставінаў знікнення Веры Краўцовай. Бабуля дзяўчыны казала, што сваякам нічога не распавядаюць пра гэтую справу.
"Нам ніхто нічога афіцыйна не распавядае. Гэта наша праблема, гэта для нас яна дарагі, самы любімы чалавечак... Нам трэба толькі адно: дамагчыся, каб аддалі яе прах. Нам сказалі, што ёсць толькі прах і урна. Але дзе гэтая урна? Куды нам за ёй ехаць? Оля (мама дзяўчыны) кожны дзень плача..." — казала жанчына.
Нагадаем, беларуска Вера Краўцова вылецела ў М'янму 20 верасня і знікла 4-га кастрычніка. Паведамлялася, што яе забілі і крэміравалі, аднак гэтая інфармацыя, якая з'явілася ў расійскіх медыя, пакуль не пацвярджаецца.