Пад Варшавай беларус выратаваў жанчыну, якая танула
Верталёт медыкаў у Польшчы, ілюстрацыйнае фота / Ratownictwo.opole.pl
Дзве жанчыны апынуліся ў вадзе, калі вудзілі рыбу недалёка ад Варшавы. Адну з іх выцягнуў на бераг беларус, які рыбачыў непадалёк. Другую дасталі ратавальнікі, якія прыбылі на месца.
Як піша MOST, трагедыя адбылася на Жэраньскім канале, на поўнач ад Варшавы. Ратавальнікам затэлефанаваў відавочца і паведаміў пра людзей у вадзе. Прыбыўшы на месца выкліку, яны ўбачылі дзвюх жанчын.
Адну з іх, 71-гадовую жанчыну, выцягнуў з вады грамадзянін Беларусі, які рыбаліў непадалёк. Яна была ў прытомнасці, але размаўляць не магла. Ратавальнікі аказалі ёй першую дапамогу, а потым у вельмі цяжкім стане даставілі верталётам у бальніцу.
Другую жанчыну, 47-гадовую, выратавалі ўдзельнікі добраахвотніцкай пажарнай каманды. Яе даставілі ў бальніцу ў стане пераахаладжэння. Медыкі не змаглі выратаваць ёй жыццё: праз некалькі гадзін жанчына памерла.
Побач з месцам здарэння ратавальнікі выявілі кінутыя вуды ды іншыя рыбалоўныя прылады. Мяркуецца, што жанчыны лавілі рыбу, а потым з невядомай прычыны апынуліся ў вадзе. Акалічнасці здарэння высвятляе паліцыя.