У Мінску адкапалі труп мужчыны, калі расчышчалі двор
Мінскі двор, дзе знайшлі цела / onliner.by
Незвычайная знаходка трапілася жыхарам мінскага шматкватэрнага дома, калі яны выйшлі расчысціць двор ад снегу, што прынёс цыклон "Улі". У двары дома на вуліцы Байкальскай, 66 яны наткнуліся на труп чалавека.
"З паловы шостай раніцы муж і яшчэ некалькі хлопцаў пайшлі адкопваць дарогу ў двары — капалі, капалі і адкапалі труп", — напісала ў Threads мясцовая жыхарка.
У каментары выданню Onliner мінчанка расказала наступнае:
"Каля 6:40 муж і яшчэ некалькі хлопцаў выйшлі расчышчаць дарогу ў двары. Капалі, капалі — і адкапалі труп мужчыны. На працу муж паехаў на метро, бо выехаць з двара ўжо не было магчымасці. Бачыла, што каля 9:30—10:00 раніцы прыехалі хуткая дапамога і міліцыя".
Паведамляецца, што цела мужчыны знайшлі ў двары на дарозе. Труп быў прысыпаны снегам.
Пра асобу загінулага і абставіны яго гібелі пакуль нічога не вядома.