Жыхарка вёскі звярнулася да Лукашэнкі праз TikTok, бо "лісты перахопліваюцца"
Ала Прывалава / кадр з яе звароту ў TikTok
Жыхарка вёскі Ведрыч Рэчыцкага раёна Ала Прывалава 4 студзеня выклала ў TikTok відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Жанчына скардзіцца на праблему з ацяпленнем у вёсцы. Паводле яе "шмат скаргаў паступала ў раён, у вобласць — ніхто нічога не робіць", заўважыў "Флагшток".
Свой зварот праз сацсеткі Прывалава тлумачыць так: "Пісаць вам лісты і скаргі бескарысна — усё перахопліваецца, усё перакрываецца".
Паводле яе, праблемы з ацяпленнем пачаліся ў пазамінулым годзе, калі "з горам папалам памянялі цеплатрасу". У 2025-м ад пачатку восені зламаны кацёл у кацельні, і ацяплення фактычна няма. Жанчына паказала, што пасля навагодніх святаў яна знаходзіцца ў кватэры ў ватоўцы, шапцы і зімовых ботах.
Таксама Прывалава скардзіцца, што дамы не ўцяпляюцца, хоць людзі плацяць за камунальныя паслугі і капрамонт, а ў некаторых кватэрах пражываюць па двое-трое непаўналетніх дзяцей.
Яна папрасіла даслаць у аграгарадок якую-небудзь камісію. Пры гэтым жанчына дадала, што "вёску ўжо не аднавіць, не вярнуць гаспадарку: усё прадалі, усё парэзалі".
"Але хаця б гэтым 300 людзям, якія засталіся ў вёсцы, можна даць цяпло на зіму? Мы вымярзаем, як дзікія жывёлы", — паскардзілася Прывалава.
У каментарах да відэа затэгалі газету райвыканкама, мясцовы паблік і нават прэс-сакратарку Лукашэнкі, але рэакцыі ад іх пакуль не было.