Дзве дзяўчынкі праваліліся ў адкрытыя люкі ў Смалявічах
Адкрыты люк / mlyn.by
Дзве дзяўчынкі праваліліся ў адкрытыя люкі ў Смалявічах. Накрыўкі з каналізацыйных калодзежаў выпадкова сцягнулі камунальнікі, калі прыбіралі снег.
Інцыдэнт адбыўся 17 студзеня. Дзве сяброўкі гулялі па вуліцы, і раптам адна правалілася пад зямлю. Другая, кінуўшыся на дапамогу, трапіла ў суседні калодзеж.
Маці адной з дзяўчынак расказала, што ў абудзьвюх атрымалася выбрацца самастойна. На шчасце, адзіныя наступствы здарэння — мокрая вопратка і драпніны на абутку.
Напярэдадні там працавала снегаўборачная тэхніка, якая і сарвала накрыўкі з люкаў. Камунальнікі запэўнілі, што вернуць іх на месца.