Уладальнікам кватэр прыйшлі вялізныя жыроўкі за кватарантаў-"дармаедаў"
Жыроўкі, ілюстрацыйнае фота
Жыроўкі з вялікімі сумамі сталі атрымліваць не толькі людзі, якіх дзяржава залічыла ў "дармаеды" — "не занятыя ў эканоміцы", тыя, хто надоўга з'ехалі за мяжу, і тыя, у чыіх кватэрах ніхто не прапісаны.
У выданне Onlíner звярнулася мінчанка, якая валодае двухпакаёвай кватэрай. Гэтую кватэру яна здае, афіцыйна афармляючы кватарантаў. Жанчына здала жыллё тром грамадзянам Туркменістана. У дамове былі ўказаныя двое з іх, а часовую рэгістрацыю ў кватэры аформілі для ўсіх траіх, як патрабуе закон.
А ў лістападзе ім прыйшла жыроўка, дзе замест ранейшых невялікі сум было пазначана 240 рублёў за камунальныя паслугі.
"Спачатку падумала, што гэта праз мяне. Я толькі-толькі выйшла з адпачынку па доглядзе дзіцяці, таму выказала здагадку, што мяне маглі памылкова прылічыць да "дармаедаў". Патэлефанавала ў РДЦ, а там ашаламілі — справа ў кватаранце. Адзін з траіх маіх жыхароў не працуе. Адпаведна, "камуналку" палічылі поўным тарыфам", — расказвае мінчанка.
У дзяржаўным выданні mlyn.by з такой нагоды ўжо тлумачылі: "Нават калі ўласнік працуе, але здае кватэру дармаеду (пытаецца, на якія грошы той жыве), ЖКГ зноў разлічваецца па поўнай, незалежна ад таго, хто ўласнік. Гэта называецца прывязка ЖКГ да плацельшчыка".