У Асіповіцкім раёне ў "дармаеды" запісалі людзей з псіхічнымі захворваннямі
Грошы, ілюстрацыйнае фота / 1prof.by
У Асіповіцкім раёне пасля праверкі пракуратуры пералічаць аплату за жыллёва-камунальныя паслугі для грамадзян з псіхічнымі захворваннямі. Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства.
Выявілася, што мясцовыя чыноўнікі залічылі такіх людзей у "дармаеды" — унеслі ў базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. У выніку ім налічвалася поўная аплата за жыллёва-камунальныя паслугі — з улікам поўнага пакрыцця эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Такія нарматывы прадугледжаныя для непрацуючых грамадзян, якія не ўваходзяць у льготныя катэгорыі.
Пракурор Асіповіцкага раёна апратэставаў рашэнні райвыканкама. Ён заявіў пра неправамернасць уключэння гэтай катэгорыі грамадзян у пералік не занятых у эканоміцы.
Пасля пратэсту пракурора ранейшыя рашэнні былі адмененыя. Мясцовыя органы ўлады, як паведамляецца, арганізавалі пераразлік налічанай платы за камунальныя паслугі.