У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі — спецдакладчык ААН

Нілс Муйжніекс

Нілс Муйжніекс / Scanpix/AP

У Беларусі не памянялася практыка палітычных рэпрэсій, таму не варта мець празмерны аптымізм. Пра гэта заявіў спецдакладчык ААН па нашай краіне Нілс Муйжніекс, каментуючы вызваленне 123 вязняў, якое адбылося 13 снежня.

"Многія з вызваленых, уключаючы палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, прафсаюзных дзеячаў і грамадзянскіх актывістаў, былі асуджаныя без справядлівага судовага разбору ў пакаранне за сваю прафесійную дзейнасць або за ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў. Нядаўнія вызваленні суправаджаліся высылкай у іншыя краіны, а тыя, каму пасля вызвалення дазволілі застацца ў Беларусі, апынуліся пад жорсткім рэжымам назірання і былі пазбаўленыя магчымасці вярнуцца на кваліфікаваны рынак працы", падкрэсліў спецдакладчык ААН.

Ён нагадаў, што паралельна з вызваленнем палітвязняў рэжым Лукашэнкі працягвае затрыманні і пераслед па палітычных матывах. Праваабаронцы налічваюць у Беларусі больш за 1100 палітвязняў, што залічвае нашу краіну ў лік дзяржаваў з самай высокай колькасцю палітвязняў на душу насельніцтва.

Муйжніекс адзначыў, што ў дзяржаўных СМІ вызваленні былі паказаныя як "памілаванне", аднак Мікалай Статкевіч, які адмовіўся пакінуць краіну, быў затрыманы і зноў змешчаны ў зняволенне. На некаторых іншых нядаўна вызваленых людзей завочна пачалі новыя крымінальныя справы.

У некаторых з высланых тэрмін зняволення ці заканчваўся, ці яны ўжо адбылі яго, і іх зняволенне падаўжалася адвольна на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Эксперты ААН неаднаразова крытыкавалі гэты артыкул.

Муйжніекс падкрэсліў, што палітвязняў адарвалі ад сем'яў і выслалі з краіны без сродкаў для існавання, а ў некаторых выпадках — яшчэ і без дакументаў. "Вяртанне ў Беларусь для іх азначае новыя крымінальныя абвінавачванні і турэмнае зняволенне. Гэта не памілаванне, а прымусовае выгнанне", — звяртае ўвагу ён.

Спецдакладчык ААН не бачыць з боку беларускіх уладаў ніякіх прыкмет, што мяняецца палітыка ці практыка рэпрэсій. На яго думку, пра нармалізацыю сітуацыі можна будзе казаць, калі ўсіх палітвязняў вызваляць, выгнанцы змогуць бяспечна вярнуцца на радзіму, дзе змогуць свабодна працаваць і выказвацца, а людзі, вінаватыя ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека, будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.