Датычнасць беларускага турэмшчыка да катаванняў расследуюць у Германіі
Дзмітрый Шынвізэ / база "Пашпарт", BelPOL
Арганізацыя былых сілавікоў BELPOL атрымала адказ ад Федэральнага міністэрства юстыцыі Германіі на свой зварот наконт былога начальніка аператыўна-рэжымнай часткі калоніі №2 у Бабруйску Дзмітрыя Шынвізэ.
BELPOL звяртаўся да афіцыйных асобаў Германіі з дэталёвым апісаннем меркаванага дачынення Шынвізэ да катаванняў і жорсткага абыходжання з палітычнымі зняволенымі. Тым часам былы беларускі турэмшчык атрымаў грамадзянства Германіі паводле этнічнага паходжання.
У адказе Федэральнага міністэрства юстыцыі Германіі гаворыцца, што матэрыялы звароту перададзеныя ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі. Цяпер ведамства займаецца праверкай і расследуе магчымае дачыненне Шынвізэ да злачынстваў супраць чалавечнасці.
BELPOL накіраваў у Германію ўсе наяўныя дакументы, а таксама кантакты пацярпелых ад дзеянняў Дзмітрыя Шынвізэ.
Як расказвалі экс-палітвязні, менавіта пры ўдзеле Шынвізэ і пад яго кіраўніцтвам ствараліся невыносныя ўмовы ўтрымання, ужываліся метады ціску, прыніжэння і жорсткага абыходжання ў дачыненні да сотняў палітвязняў.