Беларусь XXI стагоддзя: злачынства і немінучасць пакарання. Піша Квяткоўскі

16 жніўня 2020, Мінск / ТАСС
Адразу зазначу, што немінучасці пакарання ў людзей, у чыіх кабінетах вісяць дзяржынскія, не было сто з лішкам гадоў. Хоць яшчэ з канца 2020 году ішла інфармацыя пра стварэнне трыбуналу над лукашызмам.
Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду "Belarus 2020".
Я сярод тых, хто ўпэўнены, што беларусы абурыліся масавым парушэннем Закону – масавымі катаваннямі, пабачанымі пасля аднаўлення нармальнай працы інтэрнэту, перакрытага 9-12 жніўня 2020 году.
Законацэнтрычнасць беларусаў цяжка тлумачыць у краінах старой дэмакратыі, бо для іх Закон як кісларод.
Законацэнтрычнасць беларусаў цяжка тлумачыць у краінах, дзе пануюць негалосныя паняцці, а законы – бутафорыя.
Менавіта законацэнтрычнасць абумовіла асаблівасці паводзін людзей на вуліцах. Кожны раз, калі дэманстранты бачылі чарговае злачынства з боку людзей у форме, шмат хто думаў "пасля ты адкажаш папоўніцы". То бок людзі верылі, што ахвяруюць сабой не дарэмна.

Здавалася, што яшчэ крыху, і сілавікі далучацца да працэсаў пераменаў. "Перамены" – эўфемізм, за якім стаіць простае паняцце – скіданне Лукашэнкі. Але як яго скінуць згодна грамадскіх уяўленняў пра Закон? Вось на гэтае пытанне ніхто не адказаў ні ў 2020, ні пакуль цяпер.
Сёння можна пачаць з Рудольфа Шынвізэ – былога наглядчыка Бабруйскай калоніі, якога вінавацяць у садызме нядаўнія палітвязні. Якога з сям’ёй знайшлі ў Нямеччыне, і якога цяпер спрабуюць прыцягнуць да адказнасці праз міжнародную прававую сістэму.
Пасля 2020 году літоўскае міністэрства юстыцыі звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з заявай пра дзеянні Лукашэнкі як злачынствы супраць чалавечнасці. Была таксама міжнародная ініцыятыва юрыстаў стварыць Нюрберг 2.0 – комплексно па лукашызме.

Можа ўсё юрыдычнае міжнароднае па лукашызме і запрацуе. Можа нават будзе дадзенае акадэмічнае тлумачэнне "лукашызму", і паняцце станецца часткай міжнароднай юрыспрудэнцыі. Не дарма Лукашэнка скача з бубнам вакол прэзідэнта ЗША – у супрацьвагу Еўропе.
Бо Лукашэнку-важаку трэба прадэманстраваць сваёй зграі ў пагонах, што "Акела" не прамахнуўся, што Лукашэнка ўсё яшчэ здатны абараніць тых, хто разам з ім пайшоў супраць Закону. Не з Масквой, дык з Вашынгтонам.
Але масавы гандаль закладнікамі, які мы назіраем, сведчыць, што часу ў Лукашэнкі ўжо мала, таму грамадству варта рыхтавацца да новых эпізодаў барацьбы за свабоду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.