Гомельскі завод посуду прадаваў у Расію дроны для арміі
Таямнічае жыццё завода "Сантэкс", які прадаваў не толькі каструлі / santex.by
У 2022 і 2023 гадах гомельскі завод "Сантэкс" прадаў у Расію 309 дронаў агульным коштам $2 млн, высветлілі расследавальнікі БРЦ. На іх думку, кампанія дапамагала расійскім фірмам абыходзіць санкцыі.
Цэнтральнай фігурай у гэтай справе з’яўляецца беларус Павел Нікіцін. Ураджэнец Мінска, ён у 2000-х пераехаў у Расію і стварыў там каля двух дзясяткаў кампаній.
Таксама ён уладальнік аднаго з найбуйнейшых вытворцаў расійскіх дронаў-камікадзэ "Рустакт". За два гады яго фірма атрымала ад расійскіх сілавых структур $1,12 млрд.
На Нікіціна і яго кампанію журналістаў вывеў тэлефонны званок у расійскую краму дронаў, у якой можна купіць коптары DJI. Адной з крыніц гэтых паставак стаў гомельскі завод "Сантэкс".
На сайце прадпрыемства сярод рондаляў і эмаляванага посуду ў 2025 годзе была інфармацыя пра продаж квадракоптара "Піянер". "Сантэкс" пастаўляў дроны ўсяго двум расійскім кліентам — фірмам "Сантросс" і "Рустакт".
У Беларусі Нікіцін таксама захоўвае бізнес-сувязі: разам са сваякамі ён кантраляваў найменей чатыры фірмы, у тым ліку гомельскі "Сантэкс".
Яго "Рустакт" знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і Швейцарыі. Кампанія вырабляе адзін з самых масавых расійскіх ударных дронаў — ВТ-40 "Судоплатов". Гэты FPV-коптар шырока выкарыстоўваецца элітным расійскім цэнтрам "Рубікон" і актыўна ўжываецца на ўкраінскім фронце.
Як высветлілі журналісты-расследавальнікі, з 2023 па 2025 год "Рустакт" закупіў у Кітаі амаль 3,5 млн электрарухавікоў і велізарныя партыі камплектуючых. Дакументы, якія атрымалі ў сваё распараджэнне журналісты, паказваюць 135 плацяжоў ад завода "Сантэкс" на суму больш за $152 млн за "абсталяванне", апісанне якога адсутнічае.