Як завод шклотары адкрыўся ў абыход санкцый, але цяпер прыносіць адны страты

Новае расследаванне “Бюро”

Новае расследаванне “Бюро” / pixabay.com

У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка даручыў пабудаваць завод па вытворчасці шклотары. Пра тое, як праект коштам 55 млн еўра запускаўся і ў якім стане ён цяпер, распавядае “Бюро”.

Выканаць працу ўзяўся Гродзенскі шклозавод у свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест”. Прадпрыемства замовіла ў Італіі ўсё неабходнае абсталяванне, заключыўшы кантракт з італьянскай кампаніяй EMS Group на суму 1,85 млн еўра і 200 тыс. еўра за мантаж.

Але ў 2022 годзе з-за санкцый пастаўшчыкі не здолелі даставіць абсталяванне ў Беларусь. Першая спроба ўвозу была спыненая літоўскімі мытнікамі ў пункце Шальчынінкай.

Тады на дапамогу прыйшлі літоўскія пасярэднікі з кампаніі Didneriai, арганізаваўшы кантрабандную схему. Яны выкарысталі фальшывы кантракт з казахстанскай фірмай Quarry Service Kazakhstan.

Арганізаваўшы ілжывы транзіт праз Літву, пасярэднік падмяніў накладныя проста на мяжы, вывёўшы груз з-пад санкцый. І пад выглядам дастаўкі лініі ў Казахстан, абсталяванне коштам 1,8 млн еўра заехала ў Беларусь.

Увезеную кантрабандным шляхам лінію па вытворчасці шклотары ўсталявалі на новай пляцоўцы “Аўльс”. Гэта пацвердзіў у размове з журналістам “Бюро” намеснік дырэктара завода Грыгорый Фуркаль. Пры гэтым ён заявіў, што не ведае, як тэхналагічная лінія трапіла ў Беларусь. Не адказаў на такое пытанне і начальнік вытворчасці Аляксандр Асташэўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.