МЗКЦ трымаецца толькі на ваенных заказах з Расіі — BELPOL

Беларускае прадпрыемства цалкам інтэгравана ў расійскі ВПК

Беларускае прадпрыемства цалкам інтэгравана ў расійскі ВПК / МЗКТ

Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) цалкам інтэграваны ў расійскі ваенна-прамысловы комплекс, забяспечваючы тэхнічную падтрымку агрэсіі супраць Украіны. Пры гэтым заказчык — Расія — заніжае цэны на прадукцыю да 17%. Такія даныя прыводзіць BELPOL у трэцяй серыі “Зброевага барона”.

Завод стаў важнай рамонтнай базай для арміі Расіі. Спецыялісты МЗКЦ, а гэта сотні чалавек, з снежня 2023 года працуюць на расійскіх аб’ектах, аднаўляючы ЗРС С-400, С-300, тэхніку з "ЛНР". Яны абслугоўваюць зенітныя палкі ў Растоўскай вобласці, Крыме, на Луганшчыне, артылерыйскія злучэнні — сістэмы, што наносілі ўдары па ўкраінскіх гарадах.

47% прадукцыі МЗКЦ — гэта ваенныя шасі. Рамонтныя камплекты распрацаваныя пад САУ "Кааліцыя-СВ", мадэрнізаваныя пад "Панцыр-С". У 2024 годзе завод выпускаў па шэсць шасі на месяц: для Т-72/Т-80, "Каліна" (Т-90М), "Рамка" ("Тэрмінатар"), БТР-82А, ПТРК "Хрызантэма-С", "Дэрывацыя-ППА".

Пры гэтым фінансавае становішча прадпрыемства нельга назваць устойлівым, гаворыцца ў фільме BELPOL. Расія заніжае цэны на 17% ад сабекошту, выклікаючы спрэчкі і прыпыненні паставак.

Для выканання заказаў завод бярэ крэдыты. Толькі за пяць месяцаў 2024 года выплаты па працэнтах за крэдыты склалі 1,5 мільёна рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.